19 ліпеня набылі моц зьмены ў Крымінальны кодэкс Беларусі (PDF). Сярод зьменаў — скасаваньне крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя «незарэгістраваных арганізацый». Садзіць за краты больш ня будуць, застаюцца толькі штрафы да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) паводле Адміністрацыйнага кодэксу.
Арыгінальны артыкул быў апублікаваны 17 траўня 2018 году
За пэрыяд з 2005 па 2012 год 18 сяброў незарэгістраваных арганізацый былі асуджаныя паводле артыкулу 193.1 КК. Пяцёра зь іх пазбавіліся волі, астатнія атрымалі штрафы. Пасьля 2012 году былі толькі папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня артыкулу, але людзей ня кідалі за краты і не штрафавалі.
Чаму крымінальны артыкул вырашылі скасаваць толькі цяпер, невядома. Яшчэ ў 2009 годзе Міністэрства юстыцыі пісала, што зьбіраецца гэта зрабіць. Тым ня менш нават адміністрацыйная адказнасьць за такое, як казаў Свабодзе юрыст Валянцін Стэфановіч, — гэта «недапушчальнае абмежаваньне свабоды асацыяцый».
Справа «небясьпечных назіральнікаў» з «Партнэрства»
У жніўні 2006 году па гэтым артыкуле ў турмы пасадзілі Цімафея Дранчука (год у калёніі агульнага рэжыму), Мікалая Астрэйку (два гады ў калёніі агульнага рэжыму), Андрэя Шалейку і Эніру Браніцкую (абаім — 6 месяцаў агульнага рэжыму) за дзейнасьць арганізацыі «Партнэрства», якая займалася назіраньнем на выбарах. Браніцкую і Шалейку амаль адразу вызвалілі, бо скончыўся тэрмін зьняволеньня (з улікам таго, што яны былі за кратамі падчас сьледзтва), Астрэйку вызвалілі праз чатыры месяцы пасьля прысуду, замяніўшы турму папраўчымі працамі, Дранчука адпусьцілі празь пяць месяцаў пасьля прысуду.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Спачатку чацьвярых таксама абвінавачвалі ў дзейнасьці арганізацыі, «дзейнасьць якой спалучаная з гвалтам, прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў або іншымі замахамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян», але гэтую частку абвінавачваньняў зьнялі. Тым ня меней нават прысуд па «менш жорсткім» артыкуле выклікаў рэакцыю міжнародных праваабаронцаў. Прысуд быў названы палітычна матываваным, а Amnesty International ініцыявала акцыю міжнароднай падтрымкі актывістаў.
Справа «Маладога фронту»
У 2006 годзе крымінальную справу супраць актывістаў беларускага «Маладога фронту», зарэгістраванага ў Чэхіі, распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. У пракуратурах тады дапытвалі дзясяткі маладафронтаўцаў. На закрытым судзе Зьмітру Дашкевічу прысудзілі паўтара года пазбаўленьня волі. Зьмітра Хведарука аштрафавалі на 40 базавых велічыняў, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага — на 30 базавых, Насту Палажанку (цяпер — Дашкевіч) толькі папярэдзілі. За «Малады фронт» штрафавалі таксама Эдварда Зелянкова, Яраслава Грышчэню, Анастасію Азарку і Касю Салаўёву.
Незаконны прытулак для бяздомнікаў
У 2013 годзе жыхара вёскі Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы прытулак для бяздомных, вінавацілі ў дзейнасьці ад імя «незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі».
«Я дапамагаю гэтым бедным людзям, але ніхто рэгістрацыі мне не дае: ні дзяржава, ні касьцёл, — казаў тады Шчадроў. — Я неаднойчы размаўляў з уладамі пра гэта, але яны рэагуюць так, што ў нашай краіне бамжоў няма, а толькі маламаёмныя».
Шчадрова ў выніку не пакаралі, але прытулак намагаліся закрыць іншымі шляхамі. Урэшце Шчадрова прызналі «дармаедам».
І Дзяды Марозы не зарэгістраваныя
Паводле артыкула «папярэджвалі» і Саюз палякаў, і рух «Гавары праўду», і праваабаронцаў «Вясны», і нават групоўку Дзядоў Марозаў. Апошнія зладзілі ў канцы 2009 году акцыю супраць артыкула 193.1, перадалі ў пракуратуру пэтыцыю супраць артыкула. Яны самі «здаліся»: прызналіся, што «арганізацыя Дзядоў Марозаў» незарэгістраваная. Генэральная пракуратура цалкам сур’ёзна адказала, што судзіць па крымінальным артыкуле могуць і за гэта.
Праваабаронцы «Вясны»
На пачатку 2011 году генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч папярэдзіў старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага пра адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Заява ад імя Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» пра намер і надалей дзейнічаць у якасьці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ Вясна і пра неканстытуцыйнасьць арт. 193.1 КК.
Калі Алеся Бяляцкага судзілі за нясплату падаткаў з грошай на праваабарончую дзейнасьць, Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы зрабіла заключэньне па гэтым артыкуле.
«Вэнэцыянская камісія» тады прызнала артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі незаконным. Міжнародныя праваабаронцы заявілі, што адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не адпавядае міжнародным пагадненьням, падпісаным краінай.
У прыватнасьці, 193 артыкул парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах, ратыфікаваны Беларусьсю.
Сябры Эўрапейскай камісіі «За дэмакратыю праз права» ў сваім заключэньні падкрэсьлілі, што свабода асацыяцый — неад’емнае права кожнага грамадзяніна.