Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва выказала Расеі пратэст у сувязі з плянамі сьвяткаваць гадавіну заняцьця Вільні і Коўна


Вільня, будынак МЗС Літвы
Вільня, будынак МЗС Літвы

Амбасадару Расеі ў Літве 11 ліпеня літоўскія дыпляматы выказалі пратэст у сувязі з плянамі сьвяткаваць гадавіну захопу Вільні і Коўна правядзеньнем артылерыйскага салюту ў Маскве. Пра гэта паведамляе партал delfi.lt.

Міністэрства замежных справаў Літвы падкрэсьліла, што савецкая акупацыя пасьля выгнаньня фашыстаў не прынесла Літве свабоду.

«Гэта асабліва цынічны і правакацыйны крок напярэдадні 80-й гадавіны пакту Молатава –Рыбэнтропа і яго сакрэтных пратаколаў, якія стварылі перадумовы для пачатку Другой сусьветнай вайны і акупацыі Літвы», — сказана ў паведамленьні МЗС Літвы.

Паводле зьвестак МЗС, Заходняя вайсковая акруга РФ у бліжэйшую суботу артылерыйскім салютам адзначыць заняцьце Вільні, а салют з нагоды заняцьця Коўна намечаны на 1 жніўня.

«Перамога саюзьнікаў над фашызмам і нацысцкай ідэалёгіяй — вельмі важная для лёсу Літвы і ўсёй Эўропы. Аднак заканчэньне Другой сусьветнай вайны не прынесла Літве свабоду — гэта азначала пачатак новай, савецкай акупацыі, якая доўжылася амаль паўстагодзьдзя, і трагедыі ў жыцьці многіх жыхароў Літвы», — сказана ў паведамленьні МЗС.

«Пасьля таго як Савецкая армія выгнала войска нацыстоўскай Нямеччыны, на тэрыторыі Літвы былі створаныя і дзейнічалі савецкія акупацыйныя структуры, праводзіліся дэпартацыі і рэпрэсіі жыхароў Літвы, нанесена вялізная шкода літоўскаму грамадзтву, гаспадарцы і прыродзе», — пішацца ў паведамленьні.

Паводле міністэрства, з гэтых прычынаў рашэньне Расеі салютамі адзначыць заняцьце Вільні, Коўна ды іншых гарадоў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы для Літвы непрымальнае.

З аналягічным пратэстам днём раней выступіла МЗС Эстоніі. Салют з нагоды заняцьця Таліну плянуецца правесьці ў Маскве 22 верасьня сёлета.

«Выклікае шкадаваньне, што „вызваленьне“ Вільні плянуюць урачыста адзначыць пасьля таго, як за тыдзень да гэтага Расея адмовілася выдаць візы літоўскай моладзі, якая плянавала прывесьці ў парадак магілы дэпартаваных літоўцаў на тэрыторыі РФ. Заклікаем Расею яшчэ раз адмовіцца ад выбарачнага падыходу да гісторыі Другой сусьветнай вайны і спыніць адмаўленьне акупацыі Літвы ў савецкі час», — сказана ў паведамленьні МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG