Гэта цяпер няма праблемы купіць эклеры, круасаны, розныя піражкі і печыва. У пераходныя 90-я на многае з гэтай смакаты быў востры дэфіцыт.
У мясцовым тэатры ішоў спэктакль па клясычнай п’есе, дзе галоўная гераіня з апэтытам сьнедала эклерамі. Закупляла іх бутафор. Праз перанос спэктаклю эклеры праляжалі ў бутафорскай два тыдні, але сьвежых купіць не было магчымасьці праз банальную іх адсутнасьць. Прыма тэатру з апэтытам і асалодай на твары паядала зачарсьцьвелы рэквізыт.
Пасьля за кулісамі акторка злосна кінула ў бок памочніка рэжысэра:
— Не пасьлізьніцеся! Пад сталом вашы плястыкавыя эклеры!
Якім чынам яна непрыкметна выплёўвала пад стол гэтую «смакату», для ўсіх засталося загадкай.
Ала Клемянок
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org