Бягучы маленькі ручай чыстай талай вясновай вады. Жвір і прамытыя рознакаляровыя каменьчыкі на дне пад сонечным промнем. Прысеўшы разглядаю неспадзяванае хараство.
А мая стрыечная сястра будуе з сябрамі запруды і муціць ваду.
Лужына на двары. Слабы ветрык водзіць па ёй курыныя пёркі высока загнутыя сьпераду. Назіраньне дае мне асалоду, мроіцца, што караблі ідуць пад ветразем.
А стрыечнай сястры зусім не цікавая такая забава. Ёй бы гойсаць і гуляць.
Крыгі плывуць па рэчцы за валам, недалёка ад нашай хаты. Я, падпіхаючы крыгу палкай, звалілася з прыпоя ў глыбокую ваду ў шубе і валёнках.
Мая стрыечная сястра выцягнула мяне.
Маглі загінуць разам.
Ала Жак
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org