Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Праўкі ў дамову аб «саюзнай дзяржаве» ўносіць ня будуць


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Беларусь і Расея не плянуюць уносіць праўкі ў дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», перадае БелТА заяву міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея.

«Яшчэ ідзе працэс распрацоўкі прапановаў па далейшым паглыбленьні інтэграцыі, — сказаў Макей. — Ніякіх паправак не прадугледжваецца».

Паводле міністра, гаворка ідзе толькі пра выкананьне таго, што ўжо прадугледжана дамовай, але не было выканана з розных прычынаў — ідзе аналіз нерэалізаваных палажэньняў і прапановаў іх рэалізацыі.

Аналітыкі адзначаюць, што ўжо больш як тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але іх зьмест зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай, абодва бакі ўсяляк хаваюць іх ад грамадзкасьці.

Рэалізацыя дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году, у тым ліку агульныя валюта, суд і мытня – менавіта тое, што ў канцы мінулага году прапаноўваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.

БелТА адзначае, што Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным на цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў — там яны зьбіраюцца абмеркаваць «разьвіцьцё двухбаковых адносінаў, у тым ліку пытаньне паглыбленьня інтэграцыі між краінамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG