Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва гатовая да эвакуацыі 20 тысячаў чалавек у выпадку аварыі на Астравецкай АЭС


Беларускі і расейскі сьцягі каля Астравецкай АЭС
Беларускі і расейскі сьцягі каля Астравецкай АЭС

Дзяржаўныя ўстановы Літвы гатовыя да магчымай аварыі на Астравецкай АЭС — пра гэта заявіў міністар унутраных справаў Літвы Эймутыс Місюнас у інтэрвію радыёстанцыі Ziniu radijas.

«Ведамствы сапраўды гатовыя, усё вельмі ясна расьпісана, што і якія ўстановы павінныя рабіць, адны адказваюць за дэзактывацыю навакольнага асяродзьдзя, іншыя — за раздачу ёду, трэція — за інфармацыю» — прыводзіць партал DELFI словы міністра.

Эймутыс Місюнас паведаміў, што ў пачатку траўня былі праведзеныя сумесныя штабныя вучэньні ўстановаў, на якіх былі выяўленыя недахопы, увосень пройдуць функцыянальныя вучэньні, на якіх будзе змадэляваная эвакуацыя людзей і прыняцьце рашэньняў муніцыпальнымі і дзяржаўнымі ўстановамі.

Міністар таксама падкрэсьліў, што ў Літве, у выпадку «найгоршага сцэнару», калі вецер будзе дзьмуць з усходу на захад, неабходна будзе эвакуяваць каля 20 тысячаў чалавек у 30-кілямэтровай зоне ад Астравецкай АЭС. Місюнас адзначыў, што імавернасьць такога сцэнару вельмі нізкая, паколькі такія мэтэаралягічныя ўмовы ўзьнікаюць узьнікаюць у сярэднім 16 дзён на год.​

​У сераду прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя заявілі, што ў рамках падрыхтоўкі да магчымай аварыі на Астравецкай АЭС будзе закуплена каля 4 млн. пігулак ёду амаль за мільён эўра. У гэтым годзе яны павінныя быць раздадзеныя жыхарам памежжа і Вільні. Як было абвешчана, у выпадку аварыі ў Астраўцы насельніцтва Вільні не будзе эвакуіраванае.

Астравецкая АЭС у Беларусі будуецца прыкладна за 50 кілямэтраў ад Вільні і менш за 30 кілямэтрах ад літоўскай мяжы. Запуск першага энэргетычнага рэактара заплянаваны на восень гэтага году. Улады Літвы заяўляюць, што электрастанцыя будуецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і аховы навакольнага асяродзьдзя. Беларускі бок катэгарычна адхіляе такія папрокі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG