Фэдэральнае ўпраўленьне цывільнай авіяцыі ЗША выявіла новую магчымую рызыку пры эксплюатацыі самалёта Boeing 737 MAX, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Гаворка можа ісьці пра новую праблему ў праграмным забесьпячэньні «Боінга 737 MAX», якую пілёты выявілі падчас тэстаў з выкарыстаньнем авіясымулятара. Паводле крыніц Reuters і AFP, у пілётаў узьнікалі цяжкасьці з кіраваньнем самалётам пасьля ўключэньня сыстэмы манэўраваньня, якая прадухіляе звальваньне на крыло.
Раней паведамлялася, што прычынай крушэньня двух самалётаў «Боінг 737 MAX» у Інданэзіі і Этыёпіі былі недахопы ў рабоце менавіта гэтай сыстэмы. У выніку крушэньня самалёта Boeing 737 MAX у кастрычніку 2018 году ў Інданэзіі загінулі 189 чалавек, падчас катастрофы ў сакавіку 2019 году ў Этыёпіі загінулі 157 чалавек.
У сярэдзіне траўня ў кампаніі заявілі, што цалкам абнавілі праграму.
Больш за 400 пілётаў падалі пазоў супраць Boeing. Яны патрабуюць ад кампаніі «мільённыя кампэнсацыі» за ўтойваньне дэфэктаў у самалётах «Боінг 737 MAX». Палёты гэтай мадэлі «Боінга» прыпынілі да заканчэньня расьсьледаваньня.