Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым і ўручыў яму ордэн Дружбы народаў, паведамляе БЕЛТА.
«Дарагі Рамзан, вітаю цябе ў роднай табе Беларусі. Няма неабходнасьці распавядаць пра маё стаўленьне да чачэнскага народу. Нават у складаныя часы, я ўжо часта пра гэта кажу, яны нараджалі ў нас у Берасьці, маім імем называлі сваіх дзяцей. Я гэта вельмі цаню. І я нядаўна, прызначаючы міністра ўнутраных спраў, а ён у нас каўказец, распавядаў пра мае пачуцьці да каўкаскага насельніцтва. Гэта сапраўды дужыя людзі, зь якіх мы бяром прыклад у пэўных момантах», — сказаў Лукашэнка.
Указ аб узнагароджаньні Кадырава ордэнам Дружбы народаў за «значны асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне дружалюбных адносінаў і ўсебаковага супрацоўніцтва зь Беларусьсю» Лукашэнка падпісаў яшчэ ў жніўні 2018 году. Як паведамлялася, Кадыраў зрабіў асабісты ўнёсак у вызваленьне беларусаў, якіх захапілі падчас лібійскага ўнутрыпалітычнага крызісу 2011 году і гвалтоўна ўтрымлівалі ў Трыпалі. Апошні зь іх, Вячаслаў Качура, вярнуўся на радзіму ў пачатку лютага 2018 году.
Рамзан Кадыраў прыляцеў 21 чэрвеня ў Менск і будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця II Эўрапейскіх гульняў.
Зь іншых кіраўнікоў на цырымонію адкрыцьця Эўрагульняў у Беларусь прыбылі прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон, прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч і старшыня Прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны Міларад Додзік. Акрамя таго, у Менску чакаюць прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў перадумаў ехаць у Менск на адкрыцьцё II Эўрапейскіх гульняў.
Таксама стала вядома, што праз вулічныя пратэсты ў Тбілісі ня зможа прысутнічаць на цырымоніі прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна прыляцела ў Менск напярэдадні, аднак была вымушаная перапыніць візыт і вярнуцца на радзіму. Адразу пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Зурабішвілі накіравалася ў аэрапорт.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.