Крызіс у міліцыі. Калі скараціць міністэрства на 80%, гэта ніяк не адаб’ецца на крымінагенным становішчы

Замест фармальнай ідэалягічнай падрыхтоўкі ў міліцыянтаў мусяць быць практычныя заняткі па баявой стральбе і мэдыцыне. Колькасьць міліцэйскіх чыноўнікаў у раённых упраўленьнях унутраных спраў і самім міністэрстве трэба скараціць. А абласныя ўвогуле можна ліквідаваць. Героі праекту «Крызіс у міліцыі» расказваюць, як можна было б рэфармаваць сыстэму ўнутраных спраў.

Аляксандар, Магілёў:

— Чаму не зрабіць, як у замежных калег, калі агнявая падрыхтоўка праходзіць штотыдзень, а не адзін-два разы на квартал па тры патроны. Складваецца ўражаньне, што сёньня кіраўніцтва зацікаўлена, каб супрацоўнікі міліцыі ня ўмелі метка страляць. Гэта дзіўна.

Прафэсійная падрыхтоўка калясальна слабая. У фізычным пляне хлопцы толькі самі займаюцца на турніках і школьных стадыёнах. Бо на занятках звычайна ў баскетбол ці валейбол гуляем, ня болей.

Няма нармальнай мэдыцынскай падрыхтоўкі. За мяжой у паліцэйскіх узровень падрыхтоўкі – як у кваліфікаваных лекараў. Так і павінна быць. У нас гэтаму ня вучаць.

Замест практычных заняткаў у нас штомесяц так званыя дні інфармаваньня. У першы чацьвер месяца ты прыходзіш на працу а 8-й і да 12-й пішаш канспэкт пад дыктоўку. А потым прыедзе праверка, як у школе, і будзе праглядаць канспэкты. Калі ў цябе ня будзе хоць адной тэмы ці выразкі з газэты – мінус прэмія.

Дзьмітры, Менск:

— Мала таго, што міліцыя загружаная бюракратычнай папяровай працай, дык яшчэ замест прафэсійнай падрыхтоўкі там займаюцца непатрэбнай і вельмі фармальнай ідэалёгіяй. Гэта з савецкіх часоў засталося.

Замест гэтага было б цікавей паклікаць старога апэратыўніка, каб ён расказаў нейкія фішкі, майстар-клясу правёў. Ну гэта ж сапраўды карысна.

Зараз гляджу на рэдкія пешыя патрульныя нарады. Дык яны ж ня ўмеюць падыходзіць да чалавека. Калі б яны спынілі ўмоўнага бандыта для праверкі дакумэнтаў, ён бы іх за 3 сэкунды зваліў.

Аляксандар, Магілёў:

— РАУСы трэба скарачаць. Там шмат зусім не патрэбных пасадаў. А гэта аклады, дзяржаўныя грошы. За выключэньнем апэратыўнікаў, там сядзяць непатрэбныя чыноўнікі ў кабінэтах. Яны ўскладняюць жыцьцё звычайных супрацоўнікаў, якія спрабуюць добра рабіць сваю працу. А тыя праводзяць праверкі дзеля праверкі.

Правяральнікі і служба асабістай бясьпекі – гэта такія заградатрады, атрады СМЕРШ НКВД. Яны працуюць ня дзеля таго, каб абараняць супрацоўнікаў, а каб шчаміць іх мацней. Любым спосабам. Каб паказаць, што яны патрэбныя. Бо ў іх свае «палкі» – свае пляны на выкрываньні і вымовы.

Дзьмітры, Менск:

— Усе кажуць, што міліцыі ў нас шмат. Нічога падобнага. Міліцыі, якая сапраўды сочыць за правапарадкам, яе вельмі мала. Яе бракуе. І неўзабаве будзе катастрафічна неставаць.

А тым, хто лічыць, што ў нас шмат міліцыі, я бы раіў прайсьці да будынка МУС а 8-й раніцы і пару гадзін паглядзець, колькі туды ідзе хлопцаў. Каго ў нас сапраўды шмат, гэта мундзіраў у міністэрстве. Вось там штаты разьдзьмутыя неймаверна. Нампаліты, упраўленьне кадраў, тылавыя службы. Іх вельмі шмат. І кожны зь іх, каб апраўдаць сваё існаваньне, павінен даваць вынік. А дзе яго ўзяць? Наперад, да шараговых участковых і даішнікаў. У якасьці правяральнікаў яны іх і трасуць.

Калі скараціць міністэрства на 80%, гэта ніяк не адаб’ецца на крымінагенным становішчы. Ніяк. Тое самае зь менскім гарадзкім і абласнымі ўпраўленьнямі ўнутраных спраў. Іх таксама можна скарачаць напалову. Думаеце, штосьці зьменіцца, калі ў нас ня будзе службы, якая вызначае норму нашэньня штаноў і ботаў? Службы, якая вырашае, што лепш – бэджы, жэтоны, ці пасьведчаньні? На гэтым добра расьпілоўваюцца бюджэтныя грошы. А тым часам людзі патрэбныя «на зямлі», а не ў кабінэтах.

Дзьмітры, Менск:

— Пры міністры Навумаве пачалося, што міліцыя павінна рэагаваць на любую інфармацыю. Тэлефон 102 стаў даведачным. Міліцыя стала выяжджаць на выклікі, каб зьняць катоў з дрэваў. Каму гэта патрэбна? Проста ў народу ствараецца ўражаньне абароненасьці. І гэтая нашая нацыянальная ідэя: нам усе вінныя. Раней на гэтага ката сказалі б: міліцыя тут ні пры чым. Нейкія рамкі былі ўсё ж.

Таксама міліцыю ператварылі ці то ў армію, ці то ў ахову. Калі футбол які праходзіць ці мітынгі, навошта міліцыю здымаць? Ідзе мат — і ўвесь РАУС вязуць на стадыён. Ідзе мітынг — увесь РАУС сядзіць у аўтобусах у цэнтры гораду. У гэты час могуць адбывацца злачынствы, а рэагаваць няма каму.

Яўген, Берасьце:

— Трэба адпрацаваць пяць гадоў. Інакш давядзецца заплаціць. Гэта першае, што спыняе людзей ад звальненьня. Сышло б яшчэ болей людзей. Але ўсё адно людзі пакідаюць службу. З майго выпуску 30% або больш тых, хто пайшоў у Сьледчы камітэт, ужо звольніліся. Гэта пачалося праз паўгода пасьля пачатку працы.

Дзьмітры, Менск:

— На фоне таго, што прафэсіяналы ў міліцыі не застаюцца, імідж ведамства ўжо апусьціўся ніжэй за плінтус. Сыстэма ў нас гнілая. Што казаць, калі Шуневіч парушае правілы дарожнага руху і паркуецца дзе хоча?

Я са страхам чакаю часоў, калі міліцыянтаў пачнуць біць на вуліцы за тое, што яны вырабляюць. Калі б звычайныя людзі такое рабілі, у іх былі б пабітыя твары.

Аляксандар, Магілёў:

— Калясальна шмат моладзі пакідае міліцыю. Хоць хлопцы туды ідуць не самасьцьвярджацца. Калі хлопцы паступаюць у інстытут ці акадэмію МУС, яны хочуць быць карыснымі грамадзтву. Як у кіно паказваюць – лавіць бандытаў. Тых, хто замінае спакойнаму жыцьцю.

Я б шчыра хацеў служыць у міліцыі. Але звольніўся, бо невыносныя ўмовы працы, маральныя рэпрэсіі.

Міхаіл, Магілёў:

— У нас засталася «палачная» сыстэма, дзе ўсё завязана на «палках» – пратаколах, складзеных за правапарушэньні. Каб атрымаць прэмію, даішнікі мусяць «зарабіць» за зьмену пяць пратаколаў – 5 «палак». Патрульным за зьмену трэба знайсьці 2-3 п'яных.

Аляксандар, Магілёў:

— «Палачная сыстэма» – вялікая загана сыстэмы МУС. Вось узяць краіны Эўропы. Калі ў раёне няма здарэньняў, то брава паліцыі, яна добра выконвае сваю працу. Калі ў нас на ўчастку няма выяўленых злачынстваў па паказьніках, гэта значыць, што міліцыя дрэнна працуе. Цябе пазбавяць прэміі, вынесуць вымову. Я не кажу пра маральныя рэпрэсіі.

Напрыклад, плян па пешаходах бяз флікераў. Усе сілы кідаюць, каб выканаць паказьнік. Складаюць рапарты, старшыя іх сыстэматызуюць і дакладаюць у Менск.

*Па зьвестках ААН, у 2013 годзе Беларусь уваходзіла і ў топ-3 краін з найбольшай колькасьцю супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва: 1447 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. У 2017 годзе тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч казаў пра 405 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. Але ў гэты лік не ўваходзілі ўнутраныя войскі.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа?
Дасылайце ў тэлеграм нашаму рэдактару @SvabodaBelarus! Ананімнасьць гарантуем