Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Япрынцаў адсудзіў у Чыжа 130 тысячаў даляраў


Уладзімер Япрынцаў, архіўнае фота
Уладзімер Япрынцаў, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Менску 13 чэрвеня задаволіў пазоў бізнэсоўца Ўладзімера Япрынцава да ягонага былога партнэра па бізнэсе Юрыя Чыжа, піша Tut.by.​

Пазоў тычыўся грошай за продаж акцыяў кампаніі «Аскаргатэрмінал». 60% належалі Ўладзімеру Япрынцаву, 40% — жонцы Юрыя Чыжа Сьвятлане. У дзень затрыманьня Япрынцава, 11 жніўня 2015 году, кампанію прадалі за 219 тысяч дэнамінаваных рублёў. Тады Япрынцаў ужо быў у СІЗА, ягоную маёмасьць арыштавалі, але гэтыя грошы былі зьнятыя.

Бухгальтарка «Трайплу» Элеанора Леўкіна сьцьвярджала, што здымала грошы гатоўкай з рахунку Япрынцава на даручэньне Юрыя Чыжа (маючы даверанасьці на гэта і ад Япрынцава, і ад Чыжа), але без асабістага дазволу Япрынцава. Яна заяўляла, што перадала Чыжу 86 тысяч даляраў у жніўні і 45 тысяч у верасьні 2015 году, тройчы пераводзіла яшчэ па 40 тысяч на рахункі юрыдычнай асобы.

Чыж казаў, што перадаваў грошы крэдыторам Япрынцава, расейскім бізнэсоўцам Ёсіфу Аксенцьеву і Міхаілу Маміяшвілі.

Папярэдні пазоў Япрынцава адносна гэтых грошай задаволілі толькі часткова, на 1960 рублёў з 219 тысяч (з улікам юрыдычных выдаткаў і дзяржаўнага збору — 3208 рублёў). Цяперашні пазоў — на рэшту, 217,3 тысячы рублёў.

У пазове адзначаецца, што Чыж зрабіў захады, каб вывесьці свае актывы, і цяпер валодае толькі доляй у «Трайпле» і аднапакаёвай кватэрай у элітным пасёлку Лагожаску. Заяўнік мяркуе, што непрыняцьце мераў можа зрабіць немагчымым выкананьне рашэньня суду, калі той пастановіць кампэнсаваць шкоду (гэта значыць, што ў Чыжа ня будзе чаго забіраць).

Тым часам эканамічны суд Менску разглядае пазоў Япрынцава да расейца Аксенцьева наконт незаконнасьці продажу долі першага ў «Трайпле» (16,5%), а ягоная доля магла каштаваць каля 50 млн даляраў, што значна больш за суму запазычанасьці Япрынцава.

«Трайпл» нядаўна апынуўся ў «чорным сьпісе» падатковай інспэкцыі, бо ўжо тры гады працуе са стратамі. Хоць чатыры гады таму кампанія Чыжа была адным з самых прыбытковых прыватных бізнэсаў краіны.

Праблемы «Трайпла» пачаліся ў 2015 годзе. Менавіта ў тым годзе быў затрыманы адзін з заснавальнікаў і саўладальнікаў кампаніі Ўладзімер Япрынцаў. Ягоная доля ў «Трайпле» перайшла ў рукі Аксенцьева і Маміяшвілі. Япрынцава апраўдалі, ён выйшаў зь СІЗА летам 2016 году, а тэрмін зьняволеньня атрымаў ягоны сын Казьбек Япрынцаў са сваім партнэрам.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG