Тэлеграм-канал Nexta паведаміў 10 чэрвеня, што ў Менску знайшлі павешаным 45-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Андрэя М.
На просьбу пракамэнтаваць гэтую інфармацыю ў Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды паведамілі, што 10 чэрвеня ў падвальным памяшканьні шматкватэрнага жылога дома знойдзена цела мужчыны 1974 году нараджэньня.
На месцы здарэньня пабывала сьледча-апэратыўная група, «усе акалічнасьці здарэньня высьвятляюцца, прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза».
«Папярэдне ўстаноўлена, што сьмерць мужчыны ня мае крымінальнага характару», — напісалі ў Сьледчым камітэце.
Знаёмы загінулага міліцыянта, памочнік дэпутаткі Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка, які вучыўся разам зь нябожчыкам у школе і рэгулярна кантактаваў пасьля, кажа Свабодзе, што сумняваецца ў вэрсіі суіцыду.
Ціханенка адзначае, што самагубствы — гэта, безумоўна, «цёмная справа», але ён ня верыць, што гэты чалавек мог бы ўчыніць такое, і не ўяўляе, што магло б яго падштурхнуць.
Маўляў, мужчына «бачыў сьмерць і ведае, што гэта такое», і наўрад ці яго мог нехта напужаць, бо ён усё жыцьцё працаваў зь небясьпечнымі злачынцамі.