Урад Беларусі пастановай № 350 адкарэктаваў мінімальны кошт паляўнічых пуцёвак і трафеяў. Сярод іншага зьніжаны цэньнік на здабычу зубра.
Для грамадзянаў Беларусі мінімальную цану дазволу на здабычу сёлетняга маладняку з 1000 да 800 рублёў. Дазвол на здабычу зуброў ва ўзросьце 1-2 гады будзе пачынацца ад 2500 рублёў (раней — 3000 рублёў).
Як адзначае «Зялёны партал» таварыства «Зялёная сетка», Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя спасылаецца на тое, што зубрынае пагалоўе не дае падставаў клапаціцца пра іх будучыню ў дзікай прыродзе — цяпер у Беларусі жыве 1886 зуброў пры мінімальнай норме для захаваньня віду ў 1500 асобін.
Экспэрты адзначаюць, што зубры папросту не ўмяшчаюцца на адведзеных ім тэрыторыях. Так, у Горадзенскім раёне заплянаваная колькасьць 80-90 зуброў, а жывуць больш за 300. У Асіповіцкім раёне замест паўтары сотні пасьвяцца 450. А таму ўлады вырашылі, што пэўнай часткай пагалоўя можна ахвяраваць дзеля камэрцыйнага паляваньня.
Цяпер зубры апынуліся ў тым ліку сярод густанаселеных раёнаў з высокім узроўнем земляробства, дзе амаль няма натуральнай пашы, а вяскоўцы ня могуць плянаваць пасевы і сенажаці з улікам дзікіх капытных. Як робяць выснову эколягі, выглядае, што дзяржава вырашыла рэгуляваць колькасьць зуброў з дапамогай паляваньня.