Крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады распачалі ў дачыненьні да 35-гадовага жыхара Віцебска, рабочага жыльлёва — рамонтна-эксплюатацыйнага трэсту, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму.
Мужчына разьмясьціў пад публікацыяй у адным Віцебскім пабліку «Укантакце» аб будаўніцтве ў абласным цэнтры лядовай пляцоўкі і басэйна камэнтар (пад імем «Оля Іванова»), які «зьмяшчае прамыя абразы службовай асобы».
Як удакладніў афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка, ён абразіў кіраўніцтва гарвыканкаму. Пасьля звароту прадстаўнікоў улады ў міліцыю праваахоўнікі правялі праверку і знайшлі мужчыну. Растлумачыць матывы свайго камэнтара і чаму падпісваўся жаночымі імем, той ня змог.
На віцябляніна завялі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Абраза прадстаўніка ўлады).