Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Грузіі: «Яшчэ маё пакаленьне дачакаецца, калі мы станем чальцамі Эўразьвязу» 


Панарама дзелавога кварталу Тбілісі
Панарама дзелавога кварталу Тбілісі

«20% грузінскай тэрыторыі застаецца пад расейскай акупацыяй», — нагадаў амбасадар Грузіі ў Беларусі Валеры Кварцхэлія на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай Дню незалежнасьці гэтай краіны.

«Беларусь не прызнала расейскую акупацыю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і мы гэтага ніколі не забудзем», — заявіў ён.

Амасадар лічыць, што сёньня паміж Менскам і Тбілісі няма сур’ёзных палітычных разыходжаньняў, хоць задачы ў краін розныя. Галоўная мэта Грузіі — уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз, Беларусь жа пра такое жаданьне не заяўляла.

«Я думаю, маё пакаленьне дачакаецца, калі мы станем паўнавартаснымі сябрамі эўрапейскай сям’і. Мы рушым у бок Эўропы, і гэта правільны накірунак», — не сумняецца Валеры Кварцхэлія.

Грузія ставіць за мэты стаць чальцом Эўразьвязу
Грузія ставіць за мэты стаць чальцом Эўразьвязу

Таваразварот паміж краінамі ў 2018 годзе склаў 87 мільёнаў даляраў, гэта на 3 мільёны больш, чым годам раней. Аднак, па словах амбасадара, ужо па выніках 2019-га трэба намагацца дасягнуць паказьніка 100 мільёнаў, што цалкам рэальна: за першы квартал прыбаўка склала 10% у параўнаньні зь такім жа леташнім пэрыядам.

«Вялікай перашкодай у разьвіцьці гандлю — складаная лягістыка, — зазначыў Валеры Кварцхэлія. — І калі мы вырашым пытаньне з пастаўкамі праз порт Ільічоўск ва Ўкраіне (цяпер Чарнаморск — РС), аб’ём таваразвароту аўтаматычна павялічыцца на 50%».

Амбасадар таксама анансаваў, што ў канцы жніўня ў Менску па вуліцы Куйбышава адчыніць дзьверы «Грузінскі дом» — своеасаблівая выстава-крама.

«На жаль, беларусы ведаюць Грузію збольшага як краіну віна, каньяку і „Баржомі“. Між тым, у нас шмат унікальных сыроў, прыправаў і г.д. У „Грузінскім доме“ усё гэта можна будзе ня толькі прадэгуставаць, а і набыць», — падсумаваў ён.

Сучасная забудова ў Батумі
Сучасная забудова ў Батумі

Што тычыцца турызму, амбасадар удакладніў: ужо дасягнутая дамова з кіраўніцтвам «Белавія» да існуючых рэйсаў на Тбілісі і Батумі дадаць новы маршрут — Кутаісі. Ад гэтага гораду нескладана дабрацца да марскога ўзьбярэжжа, што стане добрай навіной для беларускіх турыстаў.

Дыплямат расказаў, што калі ён цікавіўся ў беларусаў, ці ўпершыню яны наведваюць Грузію, бальшыня адказвала: не, ужо другі, а то і трэці раз. А гэта значыць, ім там сапраўды падабаецца. Таму абавязак грузінскага боку — зрабіць усё, каб адпачынак максымальна камфортным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG