Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах адбылася супольная малітва. ФОТА


У Курапатах адбылася міжканфэсійная малітва пад кіраўніцтвам праваслаўнага сьвятара Адрыяна Латушкі, піша «Новы час».

У малебне ўдзельнічалі чынам сьвятары-удзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі «Цэрквы і мясцовыя супольнасьці перад абліччам сацыяльных выклікаў», якая зараз праходзіць у Мінску, а таксама ўдзельнікі брацтва ў гонар сьвятых Віленскіх пакутнікаў.

Па словах Адрыяна Латушкі, праваслаўная царква заўсёды памятае і шануе памяць пра бязьвінна загінулых пакутнікаў. Сьвятар засмучаны нядаўнім фактам крыжалому. Зараз праваслаўная царква, паводле яго слоў, зьбірае і аналізуе інфармацыю па Курапатах, каб выпрацаваць агульную афіцыйную пазыцыю праваслаўнай царквы.

Напрыканцы ўдзельнікі малебна ўсклалі кветкі і зьнічы да памятнага камяня на Галгофе.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG