Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам не дазволіў мітынг «Маці-328» у месцы для акцыяў паводле «заяўнага прынцыпу»


«Маці-328» на Дні Волі ў Менску, ілюстрацыйнае фота
«Маці-328» на Дні Волі ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Улады Менску адхілілі заяўку руху «Маці-328» на правядзеньне мітынгу за рэформу «наркатычнага» крымінальнага артыкулу 328 і амністыі для зьняволеных, хоць на акцыі ў месцы, дзе плянавалі мітынг, ня трэба прасіць дазвол.

Як расказала «Эўрарадыё» прадстаўніца «Маці-328» Алена Кузьміна, актывістам патэлефанавалі зь Менгарвыканкаму і заявілі, што заяўка аформленая няправільна: напісалі, што хочуць зладзіць мітынг «у Кіеўскім сквэры», а трэба было «на пляцоўцы каля фантана, разьмешчанага ў Кіеўскім сквэры».

Актывісткі падалі шэсьць новых заявак, у тым ліку з фразай пра фантан. Але акцыю меркавалася правесьці 18 траўня — а пра акцыі паводле «заяўнага прынцыпу» трэба папярэдзіць улады за 10 дзён да правядзеньня ( чыноўнікі мусяць адказаць за 5 дзён да акцыі).

Як можна забараніць тое, на што ня трэба дазвол?

Хоць Кіеўскі сквэр (як і Парк дружбы народаў) адносіцца да пляцовак, дзе трэба толькі паведаміць уладам пра акцыю, а не пытаць дазволу, улады ўсё роўна мусяць даць адказ наконт таго, ці ня ладзіць нехта акцыі ў той жа час у тым жа месцы.

Звычайна калі акцыі ў месцах «заяўнага прынцыпу» не дазвалялі, то менавіта празь нейкія афіцыйныя падзеі, нібыта заплянаваныя раней (якія не заўсёды анансуюцца да забароны «канкурэнтных»).

Але шэраг акцыяў у Беларусі апошнім часам не адбыліся нават не з прычыны забароны ўладамі, а празь яшчэ адну норму, уведзеную ў межах «жэстачайшай лібэралізацыі», абвешчанай міністрам унутраных справаў Ігарам Шуневічам.

Цяпер арганізатары любых «недзяржаўных» акцыяў (хоць мітынгаў, хоць спартовых забегаў ці рэлігійных пілігрымак) мусяць плаціць міліцыі за ахову да 6375 рублёў. У кагосьці проста няма такіх грошай, а нехта ня хоча плаціць прынцыпова — у тым ліку таму, што, як сьцьвярджаюць арганізатары, міліцыя правальвае ахову і не бароніць ад «людзей у цывільным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG