Сьледчыя з Клімавіцкага раёну расьсьледуюць забойства немаўляці, учыненае ў студзені 2004 году, расказвае Сьледчы камітэт.
Падазраваная затрыманая толькі цяпер, яна прызналася ў забойстве.
Цела дзіцяці знайшлі ў 2004 годзе на палігоне бытавых адходаў ля Клімавічаў. Судовая экспэртыза тады выявіла, што дзіця нарадзілася жывым і было задушанае пятлёй на шыі. Забойцу тады не знайшлі, але выявілі генатып маці.
У жніўні 2018 году справу аднавілі. Апыталі больш за 270 жанчын, якія жылі ў прыватным сэктары ў раёне, адкуль вывозілі сьмецьце; правялі параўнальную біялягічную экспэртызу.
Маці забітага дзіцяці аказалася мясцовая жыхарка, якой на той момант было ўжо 37 гадоў. На допыце яна прызналася, што нарадзіла дзіця ў інтэрнаце, задушыла яго і выкінула разам са сьмецьцем.
Паводле ч. 2 арт. 139 КК за «забойства заведама малалетняга ў бездапаможным стане» пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.