Адзін зь лідэраў першага туру прэзыдэнцкай гонкі ў Літве эканаміст Гітанас Наўседа заявіў, што ў пэўных сфэрах хацеў бы «вельмі сяброўскіх» стасункаў зь Беларусьсю і ня выключыў магчымасьць камунікацыі зь Менскам на найвышэйшым узроўні, піша Delfi.
Наўседа сказаў, што хоча «сяброўскіх дачыненьняў» зь Беларусьсю, заснаваных на эканамічным разьвіцьці, лягістыцы, транспартнай інфраструктуры.
«Я лічу, што ёсьць шмат пытаньняў, якія б мы маглі абмеркаваць на розным узроўні — міністэрстваў, міністраў, і магчыма, не магу гэтага выключаць, і на найвышэйшым палітычным узроўні», — дадаў Наўседа.
Кандыдат на прэзыдэнта адзначыў, што падтрымліваў бы намаганьні Беларусі стаць незалежнай ад Расеі.
У другім туры 26 траўня за пасаду прэзыдэнта будуць змагацца два кандыдаты:
- Інгрыда Шыманіце
— 31,13 %; - Гітанас Наўседа — 30,95 %.
Гінтас Наўседа — беспартыйны кандыдат, які ў 2004–2009 гадах быў дарадцам прэзыдэнта Валдаса Адамкуса. У 2000-х працаваў на розных пасадах у Банку Літвы і AB Vilniaus Bankas, у 2008–2018 гадах быў дарадцам і галоўным эканамістам SEB Bankas (новая назва AB Vilniaus Bankas), ад 2010 году выкладае ў Віленскай бізнэс-школе. 54 гады, жанаты, дзьве дачкі.
Інгрыда Шыманіце — кандыдатка ад цяпер апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты». Эканамістка, былая міністарка фінансаў (2009–2012) і былая старшыня праўленьня Банку Літвы (2013–2016), цяпер дэпутатка Сойму. 44 гады, ня замужам, ня мае дзяцей.