Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крэсла ў лоб Пуціну» і «хатні арышт Віктара Лукашэнкі»: ці варта чытаць тэлеграм-каналы


У якой ступені грамадзтва давярае афіцыйным інфармацыйным крыніцам? Гутарка з кіраўніком Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым.

Сьцісла:

  • Расейская інфармацыйная машына накіраваная на стварэньне атмасфэры страху і няпэўнасьці
  • Кіраўніцтва Беларусі сваёй закрытасьцю само правакуе зьяўленьне экзатычных вэрсіяў
  • З афіцыйных паведамленьняў цяжка зразумець рэальную сытуацыю
  • Адчужанасьць улады ад грамадзтва значна большая, чым была ў савецкі час
  • Інфармаванасьць дэпутатаў у пэўных важных тэмах ненашмат большая, чым у звычайных людзей

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

— Афіцыйныя СМІ паведамілі са спасылкай на КДБ, што намесьнік старшыні Рады бясьпекі затрыманы пры спробе атрымаць хабар у 148 000 даляраў ад нейкай расейскай фірмы, якую пакуль абазначаюць як «Г».

Гэта тое, што маем афіцыйна.

А цяпер вэрсіі, агучаныя ў сеціве — і ў беларускім сэгмэнце, і ў расейскіх (ці прарасейскіх) тэлеграм-каналах.

Намесьнік сакратара Рады бясьпекі арыштаваны за спробу дзяржаўнага перавароту. Ён быў не адзін, неўзабаве будуць арыштаваныя некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Яшчэ вэрсія: пераварот быў распрацаваны дэталёва аж да фізычнага зьнішчэньня кіраўніка дзяржавы. Прычым змоўнікі хацелі памяняць вэктар разьвіцьця ў бок ЭЗ і NATO. І ўдзельнічаў у гэтым Віктар Лукашэнка — які нібыта цяпер пад хатнім арыштам: гэта вынікае з таго, што ён не зьявіўся на матакрос, дзе яго чакалі. Ну проста сюжэт палатна расейскага мастака Мікалая Ге «Цар Пётар I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе».

Іншая вэрсія: ня ў бок NATO, а ў бок Расеі хацелі разьвярнуць Беларусь змоўнікі («И не на лавке, а на полу легла Шепчиха, — подхватила баба, стоя у порога..» — Гогаль, «Вій»). А пра пераварот Лукашэнку паведаміў Пуцін на сустрэчы ў Кітаі.

Не, ня Пуцін, пішуць іншыя — наадварот, Лукашэнка пасварыўся з Пуціным, запусьціў у яго крэслам, калі пачуў, што той прапануе яму, кіраўніку Беларусі, ня што іншае, як анэксію.

У адказ на пытаньне «Нашай Нівы» прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант параіла не чытаць тэлеграм-каналы, якія пішуць пра нібыта наяўную «змову сілавікоў». Парада добрая, толькі нагадвае дыялёг з булгакаўскага твору: «Не чытайце савецкіх газэт!» — «Дык іншых няма!» — «Вось ніякіх і не чытайце!».

Андрэй, чаму зьяўляюцца такія вэрсіі, чым гэта патлумачыць і ці ўбачылі вы ў гэтых вэрсіях хоць нешта, што было б праўдай?

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

— ​Колькасьць вэрсіяў множыцца, бо ніякай адкрытай інфармацыі пра дзейнасьць беларускай сыстэмы ўлады мы ня маем. Гэта вельмі закрытая сыстэма, і што адбываецца наверсе, мы ня можам даведацца. Чыноўнікі ня йдуць на кантакты, ім нават забаронена ісьці на кантакты з мэдыя, за імі ўстаноўлена назіраньне спэцыяльных службаў, і ўсе кантакты чыноўнікаў, асабліва найвышэйшага ўзроўню, зь незалежнымі структурамі адсякаюцца. І вось такая закрытасьць спараджае шмат спэкуляцыяў у выпадку падобных падзеяў. Гэта з аднаго боку.

А зь іншага боку, вядома, працуе расейская інфармацыйная машына, накіраваная на стварэньне страху і няўпэўненасьці ўнутры беларускага грамадзтва. І яна прадукуе частку мэсэджаў, дзе неабавязкова спалучаецца адно з другім, бо іх мэта — не данесьці інфармацыю ці даць разуменьне сытуацыі, а стварыць якраз гэты стан няўпэўненасьці, стварыць адчуваньне, што Лукашэнка, увогуле ўлада не кантралюе сытуацыю ў Беларусі, і рыхтаваць сытуацыю да магчымай анэксіі.

Віктар Лукашэнка — вышэй за прэм’​ера ці ніжэй?

— Зачыненасьць улады, пра якую вы сказалі, журналісты асабліва добра бачаць. Я вось думаў, ці можна яе параўнаць з савецкімі часамі канца 1970-х, калі людзі бачылі толькі партрэты членаў палітбюро ці іх саміх на маўзалеі, а крэмленолягі ў якім-небудзь Вашынгтоне вылічвалі ступень уплыву таго ці іншага члена палітбюро па тым, наколькі блізка ці далёка ён стаіць ад генэральнага сакратара. І я прыйшоў да высновы, што не зусім адэкватнае такое параўнаньне. Бо тады прынамсі можна было вылічыць, што да Брэжнева бліжэйшы быў Суслаў, потым — Кірыленка, потым — Чарненка, а Зімянін вельмі далёка, ну Зімянін ня быў у палітбюро, а вось Пельшэ быў, але стаяў ня блізка. Што цяпер? Абсалютна невядома. Мы разумеем, што ўсім кіруе Лукашэнка, а вось якія рэальныя функцыі таго ж самага Віктара Лукашэнкі? Ці, напрыклад, сакратара Рады бясьпекі? І дзе ў гэтым раскладзе знаходзіцца прэм’ер-міністар? Ці ён сапраўды другая асоба, якою мусіць быць паводле Канстытуцыі, ці 42-я — пасьля нейкіх невядомых нам супрацоўнікаў апарату Рады бясьпекі? Мы ня ведаем.

—​ Так, вы маеце рацыю. І скажу болей. Калі выкарыстоўваць вашае параўнаньне з СССР, дык сытуацыя ў сучаснай Беларусі значна горшая, бо ў савецкія часы не было такога адчужэньня паміж партыйнай уладай і грамадзтвам. Напрыклад, пісьменьнікі, хаця і знаходзіліся пад ціскам, але ўсё ж мелі кантакты з уладамі, маглі атрымліваць нейкую інфармацыю. А ў Беларусі створаная татальная адчужанасьць улады і ўсякія кантакты абразаюцца, няма ніякага ператоку людзей з грамадзянскай супольнасьці ва ўладу і наадварот. Нават у іншых краінах так званага «эўразійскага саюзу» такога няма — калі паглядзім на Казахстан, мы не заўважым такой рэзкай лініі падзелу паміж грамадзтвам і ўладай. А ў Беларусі гэта ёсьць. Ёсьць варожасьць паміж рознымі часткамі беларускага грамадзтва. Таму сытуацыя больш складаная, чым у савецкія часы, калі ідзецца пра веданьне, што адбываецца ва ўладзе.

І вы таксама маеце рацыю ў тым, што мы ня можам ведаць, аналізуючы фармальную структуру пасадаў, хто валодае рэальнай уладай і як гэтая рэальная ўлада разьмеркаваная. Бо фармальная структура — гэта толькі адна частка функцыяваньня ўладнай сыстэмы. Іншая частка — гэта розныя групы ўнутры улады, якія маюць уплыў на прыняцьце рэальных палітычных рашэньняў. Ну і ёсьць, вядома, міжасабовыя адносіны і ўзаемазалежнасьці ўнутры сыстэмы. І гэтыя міжасабовыя сувязі ў аўтарытарнай сыстэме набываюць часам вельмі вялікую ролю. Таму казаць рэальна, хто такі той ці іншы чалавек, на што ён уплывае, якія вагары ўлады ён мае — мы ня можам.

Кроплі праўды зь вялікай хлусьні

—​ А як бы вы ацанілі ступень даверу да афіцыйнай інфармацыі, да заяваў той жа спадарыні Эйсмант з боку грамадзтва і экспэртнай супольнасьці? Калі зноў жа прыгадваць СССР, дык ступень даверу да афіцыйнай інфармацыі ў апошнія дзесяцігодзьдзі была невысокая. Хаця інфармацыя была мінімальная, толькі пра зьезды КПСС ды пленумы ЦК, пра пасяджэньні палітбюро паведамлялася ўжо толькі пры Гарбачове.

—​ ​Як аналітык я карыстаюся, вядома, неафіцыйнай інфармацыяй. Афіцыйныя паведамленьні сканструяваныя так, што зь іх наўрад ці можна зразумець рэальную сытуацыю. Яны адлюстроўваюць толькі адзін бок, дэманструючы афіцыйную пазыцыю, тое, як улады хочуць, каб сытуацыя ўспрымалася. А не якая яна ёсьць насамрэч. Успрымаецца прыблізна так: «Яны, вядома, нам хлусяць, але з гэтага можна нешта зразумець». Таму аналітыкам, акрамя афіцыйнай інфармацыі, неабходна выкарыстоўваць іншыя крыніцы. Разглядаць сытуацыю ў комплексе. Толькі ў такім выпадку можна штосьці зразумець, і тое не заўсёды. Напрыклад, мне вельмі сьмешна чытаць развагі некаторых аналітыкаў пра групоўкі ва ўладзе, якія змагаюцца адна з адной: маўляў, адны арыентуюцца на Маскву, другія — на Захад, але ні ў кога насамрэч няма і мінімальнай інфармацыі.

Людзі могуць пайсьці на радыкальныя дзеяньні

—​ Мы разважалі пра аналітыкаў, пра экспэртную супольнасьць, пра СМІ, але калі гаварыць пра грамадзтва, дык у дэмакратычнай праўнай дзяржаве нават такая сытуацыя, якая была вакол расейскага амбасадара Бабіча, ужо выклікала б паседжаньне парлямэнцкай камісіі міжнародных справаў з удзелам міністра замежных справаў ці яго намесьніка, і дэпутаты б атрымалі поўную інфармацыю, і потым бы давялі яе да журналістаў, а празь іх — да выбарнікаў (акрамя таго, што ўтрымлівае нейкую дзяржаўную таямніцу). Тое ж самае наконт сытуацыі ў Пэкіне — у адкрытым грамадзтве кіраўнік дзяржавы быў бы вымушаны растлумачыць парлямэнту, чаму ён скарэктаваў праграму, што там нпапраўдзе было з Пуціным, пагатоў калі ўзьнікаюць пытаньні пра пагрозу анэксіі. Тут жа мы бачым іншае — тое, што мы называем «парлямэнт», знаходзіцца прыблізна ў такім жа няведаньні, як і дзядзькі ў курылцы менскага трактарнага заводу.

—​ ​Так, на ўзроўні нашага цацачнага парлямэнту няма магчымасьці даведацца пра сытуацыю, ну і ўсё грамадзтва ня мае магчымасьці даведацца пра падзеі. І гэта вельмі небясьпечна. Бо калі людзі бачаць гэтую пагрозу анэксіі, калі яны чытаюць гэтыя інтэрнэт-стужкі і тэлеграм-каналы зь вельмі супярэчлівай інфармацыяй, гэта можа прывесьці да радыкалізацыі грамадзтва. Прычым атамізаванасьць беларускага грамадзтва адыгрывае дрэнную ролю. Людзі, асэнсоўваючы пагрозу сваім каштоўнасьцям, бачачы, што яны адны, што няма іншых, хто б пра гэта клапаціўся, думаючы, што дзяржава ігнаруе іх інтарэсы і гатовая здаць незалежнасьць, — гэтыя людзі могуць пайсьці на радыкальныя дзеяньні, бо яны проста ня бачаць іншага выйсьця. Неінфармаваньне грамадзтва пра такія вельмі важныя рэчы ў пэрспэктыве можа выліцца ў вельмі небясьпечныя дзеяньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG