Менская міліцыя 29 красавіка паведаміла аб замінаваньні ў Менску аэрапорту, чыгуначнага вакзалу і гатэлю Hilton. З названых месцаў і з прылеглых тэрыторыяў эвакуавалі людзей.
На 00:12 інфармацыя пра замінаваньне не пацьвердзілася, сказалі Свабодзе ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў. Супрацоўнікі МНС і міліцыі працягваюць праверку.
За апошні месяц гэта ня першае паведамленьне аб замінаваньні будынкаў у Менску. Ранейшыя паведамленьні не пацьвярджаліся. Па кожным з выпадкаў Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы аб заведама ілжывым паведамленьні пра небясьпеку (ч. 1 арт. 340). Расьсьледаваньні працягваюцца.
- 31 сакавіка невядомы паведаміў пра замінаваньне чыгуначнага вакзалу, а таксама гандлёвых цэнтраў Galileo і «Замак».
- 6 красавіка праз тэлефон сказалі аб закладзенай выбухоўцы ў гандлёвым цэнтры «Галерэя».
- 27 красавіка абмежавалі рух менскага мэтро, праз «замінаваньне» станцыі «Уручча». Пазьней увечары затрымалі чалавека, які меркавана зрабіў ілжывы выклік.