Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы арганізавалі пад Менскам наркалябараторыю, найбуйнейшую ў гісторыі незалежнай Беларусі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

За арганізацыю наркалябараторыі затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Тры хлопцы з Расеі арганізавалі пад Менскам наркалябараторыю, там канфіскавана каля 30 кг псыхатропаў. Гэта найбуйнейшая наркалябараторыя за гісторыю незалежнай Беларусі, паведамляе БелТА.

Супрацоўнікі памежнай службы і КДБ Беларусі разам з ФСБ Расеі выкрылі падпольную наркалябараторыю ў Менскім раёне. Двух мужчын 1995 году нараджэньня затрымалі 23 красавіка ў мястэчку Хацежына пад Менскам, іхнага саўдзельніка — на складзе ў вёсцы Малінаўка. Усе трое — грамадзяне Расеі.

«Выявілі і канфіскавалі прамысловае лябараторнае абсталяваньне, белы парашок агульнай вагой каля 30 кг і розныя вадкасьці агульным аб’ёмам 750 л. Паводле заключэньня экспэрта, знойдзеныя ўзоры зьяўляюцца асабліва небясьпечнымі псыхатропнымі рэчывамі альфа-PVP і альфа-PHP, а таксама прэкурсарам 4-мэтылпропіяфэнон», — паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

На затрыманых завялі дзьве крымінальныя справы: паводле ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі, у дачыненьні да аднаго зь іх — таксама паводле ч. 2 арт. 328 КК. За арганізацыю наркалябараторыі ім пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Як адзначылі ў Дзяржаўным памежным камітэце, раней у Беларусі не выяўлялі лябараторый падобнага ўзроўню абсталяваньня і аб’ёмаў вытворчасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG