Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абарону курапацкіх крыжоў ад зносу актывістаў аштрафавалі як хуліганаў

абноўлена

Падчас зносу крыжоў у Курапатах. 4 красавіка 2019 году
Падчас зносу крыжоў у Курапатах. 4 красавіка 2019 году

У судзе Менскага раёну прайшлі адміністрацыйныя працэсы над актывістамі, якія 4 красавіка дамагаліся спыненьня зносу крыжоў у мэмарыяле ахвяраў сталінізму ў Курапатах.

Усе актывісты атрымалі штрафы.

Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Дзяніс Урбановіч — 1275 рублёў (50 базавых велічыняў).

Піліп Шаўроў — 1020 рублёў (40 БВ), яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.

Віталь Трыгубаў, Валянціна Яроменак — 510 рублёў (20 БВ).

Міхась Сабалеўскі — 255 рублёў (10 БВ), ён спрабаваў заступіцца за актывістаў падчас іхнага затрыманьня.

Валер Рабцаў —153 рублі (6 БВ), яго затрымалі, калі ён здымаў на відэа знос курапацкіх крыжоў.

Старшыня Маладога фронту Дзяніс Урбановіч і экс-старшыня Зьміцер Дашкевіч у суд не прыйшлі — прысуд ім вынесьлі завочна.

Працэс над актывісткай Нінай Багінскай, якая закрывала сабой крыжы, каб абараніць іх ад зносу, перанесьлі на 26 красавіка.

4 красавіка ў Курапатах было зьнесена больш за 70 высокіх крыжоў, якія стаялі па пэрымэтры мэмарыялу. На барону курапацкіх крыжоў прыйшла група актывістаў, 10 чалавек затрымалі.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG