Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя адказала адпіскай на зварот пра затрыманьне музыкаў 25 сакавіка


Лявон Вольскі выходзіць на Рэвалюцыйную, 25 сакавіка
Лявон Вольскі выходзіць на Рэвалюцыйную, 25 сакавіка

На сайце Petitions.by апублікаваны адказ на зварот аб прычынах затрыманьня музыкаў, якія хацелі выступіць 25 сакавіка на пешаходных вуліц у цэнтры Менска. Пэтыцыю падпісалі больш за 1100 карыстальнікаў.

Што адбылося

Увечары 25 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менска затрымлівалі палітыкаў, а таксама мінакоў з нацыянальнай сымболікай, хоць ніхто нават не анансаваў там несанкцыянаваных акцыяў. Побач, на скрыжаваньні пешаходных вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай, затрымалі музыкаў.

Лявон Вольскі паведаміў у сацсетках, што зьбіраецца прайсьціся там зь сябрамі і можа мець з сабой музычныя інструмэнты. Граць не пачалі: яго, ягоную жонку Мар’яну Вольскую, музыкаў Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна затрымалі «людзі ў цывільным» і АМАП. Мужчына, які дзейнічаў як начальнік «людзей у цывільным», папярэджваў Вольскага аб адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

На скрыжаваньні засталіся дзясяткі чалавек, якія хацелі паглядзець на анансаваны «шпацыр» музыкаў. Яны хорам сьпявалі «Тры чарапахі», «Паветраны шар», «Простыя словы» ды іншыя песьні Вольскага. Прадстаўнік міліцыі праз гукаўзмацняльнік прыгразіў ім затрыманьнямі і гвалтам — на скрыжаваньне пад’ехалі аўтазакі. Людзі паволі разышліся. Пад ноч — праз тры гадзіны па затрыманьні — музыкаў выпусьцілі без складаньня пратаколаў аб правапарушэньнях.

Чым абураліся ў пэтыцыі

У звароце, створаным блогерам Антонам Матолькам, адзначалася, што музыкі хацелі павіншаваць менчукоў з 101-й гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, але былі затрыманыя без тлумачэньняў.

Старшыню Менгарвыканаму Анатоля Сівака ў пэтыцыі пыталі, чаму ў сталіцы краіны ў цэнтры Эўропы, на пешаходнай вуліцы, у якую былі ўкладзеныя мільёны рублёў падчас рэканструкцыі, забаронена граць вулічным музыкам. Міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча пыталі, якім чынам дзеяньні ягоных падапечных адпавядаюць Канцэпцыі інфармацыйнай бясьпекі.

«Наперадзе другія Эўрапейскія гульні, на якія прыедуць госьці з многіх краінаў, у якіх ёсьць такая традыцыя, — пішуць у звароце пра вулічных артыстаў. — Што мы ім хочам паказаць? Пустую вуліцу з гранітнай пліткай і 623 слупкі?»

Што адказала міліцыя

Хоць зварот туды не накіроўвалі, адказ прыйшоў з Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. Выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку Андрэй Галенка растлумачыў:

  • пытаньне дазволу выступу музыкаў на вуліцах не адносіцца да кампэтэнцыі органаў унутраных справаў;
  • грамадзяне (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскія) мусяць зьвяртацца асабіста ці праз сваіх прадстаўнікоў;
  • да пэтыцыі не прыкладзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць паўнамоцтвы падпісантаў як прадстаўнікоў затрыманых;
  • таму зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG