Міжнародная камісія Палаты прадстаўнікоў 9 красавіка выказалася за ратыфікацыю зьмяненьняў у Дамову паміж урадамі Беларусі і Чарнагорыі аб узаемных паездках грамадзян ад 30 верасьня 2009 году.
Дэпутатам Палаты рэкамэндуецца на пленарным пасяджэньні прагаласаваць станоўча, паколькі дапаўненьні спрашчаюць працэдуру паездак у абодва бакі.
У чым сутнасьць зьменаў
Сёньня беларусам для паездак у Чарнагорыю не патрэбная віза. Аднак неабходна мець пры сабе арыгіналы турыстычнага ваўчара або запрашэньня.
Гэтыя дакумэнты ня трэба будзе афармляць у выпадку ратыфікацыі пагадненьня абедзьвюма краінамі і дыпляматычных працэдур абмену адмысловымі нотамі.
Чарнагорыя ў 2018 годзе была ў сьпісе краін, якія найбольш наведвалі беларусы.