Вядомыя людзі пра знос крыжоў у Курапатах

Вядомыя людзі пра знос крыжоў у Курапатах

У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Пра гэта распарадзіўся Аляксандар Лукашэнка.

Свабода спытала вядомых людзей, як яны ставяцца да зносу крыжоў у Курапатах.

Сьвятлана Алексіевіч
нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры (2015)

  • «У Курапатах мы ўбачылі, што Лукашэнка не шукае нават у крытычны момант адзінства з народам.

    Я глядзела на фатаграфіі, якімі поўны інтэрнэт, калі трактар цягне па полі крыжы, яны там раскіданыя па ўсім полі — гэта робіць жахлівае ўражаньне. Гэта так і для праваслаўнага чалавека, і наагул для чалавека. Крыж — гэта сьвятая форма сувязі зь нябёсамі, з вышэйшай справядлівасьцю».

Тадэвуш Кандрусевіч
кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы, арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі

  • «Крыж — жахлівая прылада ганебнай сьмерці ў старажытнасьці — для хрысьціянаў зьяўляецца сьвятым знакам адкупленьня, які асаблівым чынам ушаноўваецца.

    Тыя, хто імкнуўся зьнішчыць Хрыста, прыбілі Яго да крыжа, а тыя, хто імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, зьнішчае крыжы. На жаль, гісторыя нашай зямлі ведае шмат прыкладаў такога страшнага сьвятатацтва, як зьнішчэньне крыжоў і сьвятыняў, а памяць людзкая захавала таксама і тое, які незайздросны лёс пазьней напаткаў найбольш утрапёных "змагароў" з Укрыжаванай Любоўю».

Сергій Лепін
протаярэй, старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы

  • «Усяляк падтрымліваю прэзыдэнта: трэба навесьці парадак у Курапатах! Але вось мэтад мясцовых дзяржымордаў і прышыбеевых не падтрымліваю.

    Апазыцыя, якая ўладкоўвае помнікі культуры, а не барыкады, і заклікае запаліць памінальныя сьвечкі на могілках, а не пакрышкі на плошчы... Карацей, у нашай улады павінна быць шмат зайздросьнікаў. Некаторыя кіраўнікі ў такой сытуацыі з радасьцю б самі бярвёны падвозілі і адкрывалі б усе новыя і новыя месцы масавых пахаваньняў.

    Памятайце: „Дʼяблы вельмі баяцца знаку Сьвятога Крыжа, бо на ім Збаўца выкрыў і выставіў іх на ганьбу“ (Антоній Вялікі, 356)».

Юры Санько
ксёндз, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі

  • «Навошта, чаму, для чаго гэта робіцца? Вельмі шмат пытаньняў узьнікае. Крыж — гэта галоўны сымбаль хрысьціянства, сымбаль збаўленьня чалавецтва. І раптам бачым такое... Да таго ж мітрапаліт неаднаразова казаў: Курапаты — гэта наша Галгофа, а яе бяз крыжа ўявіць папросту немагчыма».

Фёдар Поўны
протаярэй, настаяцель храма-помніка Ўсіх Сьвятых, духоўнік Аляксандра Лукашэнкі

  • «Духоўны сьвет складаны, ён не дапускае маніпуляцый у нечых інтарэсах, гэта пагражае, па меншай меры, непрыемнасьцямі.

    У кожным храме ляжыць расьпяцьце для пакланеньня. Мы смуткуем пра сьмерць Ісуса Хрыста. У гэты час не зусім паважна для сакральнага сымбаля прыбіраюць крыжы з тэрыторыі Курапатаў, каб прывесьці мэмарыяльнае месца ў належны выгляд. Зусім лягічна людзі ўспрымаюць гэтае дзеяньне як зьнявагу сьвятыні.

    Можна абвінаваціць улады ў бездухоўнасьці, але можна і задумацца над больш глыбіннымі рэчамі. Напрыклад, ці шмат тых, хто цяпер паўстаў супраць зносу крыжоў у Курапатах, прыйшлі пакланіцца Расьпяцьцю ў храме?

    Ёсьць тонкая грань паміж абаронай Сьвятыні Крыжа і асуджэньнем улады, якую кожны спрабуе абазваць нелюдзямі...

Вячаслаў Барок
каталіцкі сьвятар

  • «Ва Ўкраіне быў Майдан. У нас — Курапаты. Гэта наш боль і нашая надзея. Гэта нашая мінуўшчына і нашая будучыня.

    Сёньня курапацкія крыжы сталі для ўсёй Беларусі «знакам бяды» і сымбалем канфрантацыі. І гэта не пярэчыць лёгіцы Крыжа Хрыстовага. Хрыстос казаў: «Ня мір прыйшоў я прынесьці, але меч» (Мц 10:34). Крыж яднае там, дзе ёсьць пакаяньне. Аднак становіцца памежным слупам там, дзе пачынаецца царства сатаны. Хрысьціянін ня можа апраўдаць зьнеслаўленьне Крыжа, бо гэта рубікон, за які ні на крок не дазваляецца саступіць. Гэты крок вырашае, у якім ты апынесься валадарстве. Адзін крок, і ты ўжо не сьвятар Хрыстоў і нават не хрысьціянін. Ты ўжо слуга д’ябла, бо апраўдваеш зло».

Сяргей Гаек
апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт

  • «Курапаты гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасьцяў і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій».

Зянон Пазьняк
палітык і археоляг, праводзіў раскопкі ў Курапатах

  • «Нашчадкі тых бальшавіцкіх бандытаў, якія зьнішчылі ў Курапатах сотні тысяч людзей, хочуць схаваць гэтую памяць. І таму яны хочуць зьнішчыць памяць пра генацыд, зьнішчыць магілы і замяніць гэта ўсё хлусьнёй, абалваніць цэлае пакаленьне. Вось сутнасьць гэтай вайны

    Усе яны будуць пакараныя. Бог не пакіне Беларусь, калі мы адгукнёмся, калі мы пастаім за сябе. Калі мы не адгукнёмся, то мы ня будзем мець будучыні. Цяпер будучыня ў нашых руках. Трэба ісьці яе бараніць. Ня першы раз, але гэты раз, калі яны пайшлі ў адкрытую супраць народнай памяці, яны пацерпяць паражэньне, у Курапатах будзе ім іхны канец. Не падымайце руку на беларусаў. І тое, што яны пачалі рабіць, скончыцца для іх вельмі дрэнна».

Ігар Кузьняцоў
гісторык, дасьледуе масавыя рэпрэсіі ў Курапатах

  • «Як толькі пачнуць прыбіраць крыжы — і гэта ўжо здарылася — пачнецца новы віток супрацьстаяньня. Калі амаль праз 30 гадоў паставілі помнік, я ўжо падумаў, што нарэшце пастаўленая кропка. Але на так званай „Вялікай размове“ Лукашэнка зноў пачаў задаваць пытаньні: а вы ўпэўненыя, што ў Курапатах расстрэльваў толькі НКВД? Гэта неадкладна справакавала наступныя акты вандалізму: на дзяржаўным знаку накрэсьлілі зоркі Давіда, двойчы разбурыі „лаву Клінтана“, зьявіліся надпісы кшталту „зондэргета“ і г.д.

    Цягам 20 гадоў народны мэмарыял ствараўся рукамі неабыякавых людзей — у той час, калі дзяржава палец аб палец ня ўдарыла. Я вельмі засмучаны, што так адбылося: здавалася, хопіць розуму не чапаць тое, што ўжо ёсьць. Тым больш гэта ніяк не перашкаджае — нават з улікам таго, што задумалі ставіць агароджу, панабівалі калкоў. Нават калі яна мае праходзіць па крыжах, іх няцяжка на 2–3 мэтры зрушыць углыбіню. Але ні ў якім разе не прыбіраць. Я катэгарычна супраць і лічу гэта вялізнай памылкай, якая прывядзе да далейшай эскаляцыі напружанасьці. Усё, што было зроблена, зводзіцца да нуля».

Ганна Канапацкая
дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

  • «Падобна, што ў Курапаты прыйшоў шатан. Ніводзін хрысьціянін у сьвеце ня ўздыме руку на крыж! Усе, УСЕ, хто арганізаваў сёньня гэтае богазьневажаньне, наклічуць на сябе бяду».

Ігар Марзалюк
дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кандыдат гістарычных навук

  • «Нахабная беспардонная хлусьня, што на месцы сталінскіх рэпрэсій нехта зносіў крыжы. Гэта ня месца палітычных рэпрэсій, бо расстрэлы адбываліся ў глыбіні ляснога масіву.

    У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасьці, па беларускім заканадаўстве, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды. Год таму па-хамску і па-хуліганску, без дазволу беларускіх уладаў, паставілі гэтыя 70 новых крыжоў.

    З гэтага боку ніякіх пахаваньняў няма. Гэтыя крыжы не зьяўляюцца элемэнтамі традыцый і не стаялі тут дзесяцігодзьдзямі.

    У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі. Таму і плот, і добраўпарадкаваньне на гэтым месцы будзе.

    Мы бачым банальную палітычную правакацыю».

Алена Анісім
дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы

  • «Я ня ведаю і не магу дазнацца, ці гэта хто з самага верху падаў такі загад, ці гэта проста ініцыятыва дробных чыноўнікаў, якія хочуць выслужыцца. Лепш бы праявілі ініцыятыву, каб абараніць інтарэсы людзей, каб апублікаваць сьпісы людзей, якія там ляжаць у Курапатах, сьпісы тых, хто дагэтуль не рэабілітаваны. Гэта дурасьць, а па вялікім рахунку — гэта злачынства перад памяцьцю нашых продкаў».

Анатоль Хішчанка
дэпутат Палаты прадстаўнікоў

  • «Курапаты — гэта агульнае месца скрухі. І яно не павінна быць нікім прыватызаванае. Ні ўладай, ні апазыцыяй.

    З найвышэйшых кабінэтаў ім ідзе загад. І яны яго выконваюць. Але сытуацыя ў краіне паступова зьмяняецца. І, як мне падаецца, кіраўнікам ніжэйшага ўзроўню трэба спыніцца ў сваіх дзеяньнях, калі яны ўсё сьпісваюць на больш высокіх чыноўнікаў.

    Яны паказваюць пальцам уверх. Маўляў, адтуль ідуць загады. Але ж трэба праяўляць прынцыповасьць, якой мы пакуль ня бачым. Чаго чыноўнікі баяцца? Я думаю, тут дзейнічаюць прычыны і асабістага, і кар’ернага характару. Хоць я лічу, што перад тым, як рабіць такія рэчы, як у Курапатах, трэба было абавязкова пагаварыць зь людзьмі, даведацца іхныя меркаваньні.

    Курапаты павінны аб’ядноўваць, а не разьядноўваць беларусаў».

Вольга Палітыка
дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

  • «Для мяне зразумела адно — калі гэтая падзея выклікала столькі супрацьлеглых выказваньняў, значыць, ня ўсё было зроблена так, як трэба было б.

    Магчыма, мэты ў выканаўцаў гэтай акцыі былі самі па сабе і добрыя — навесьці парадак, пачысьціць тэрыторыю, надаць ёй прывабны выгляд. Але пры выкананьні любога рашэньня абавязкова трэба ўлічваць думкі людзей, іх пачуцьці, годнасьць, нацыянальныя і, урэшце, рэлігійныя традыцыі беларусаў».

Валер Варанецкі
дэпутат Палаты прадстаўнікоў

  • «Калі мы навучымся, як у народзе кажуць, паступаць па-людзку? Па-хрысьціянску? Не абражаючы пачуцьцяў і годнасьці адзін аднаго? Чаму за ўсе гэтыя гады мы не знайшлі час для шырокага грамадзкага абмеркаваньня таго, якім бы мы хацелі бачыць гэтае сакральнае для нас, хто жыве, месца агульнай памяці, болю і пакаяньня? А зараз сьпяшаемся... Навошта? І што ў выніку атрымаем?»

    «Мы — адзіны народ. Нам і нашым нашчадкам — жыць разам у нашым агульным доме, нашай Беларусі. Таму трэба і размаўляць, і слухаць, і знаходзіць узаемапаразуменьне. Тады краіна наша будзе мацнейшай».

Юры Зісер
заснавальнік парталу TUT.BY

  • «Улада, як заўсёды, нічога не тлумачыць, але прычына зразумелая: дагаджаюць нядаўна выказанаму меркаваньню прэзыдэнта. Лічаць, што і старых крыжоў было больш чым дастаткова, аднак новыя таксама нікому не перашкаджалі. Нават вядомаму рэстарану».
    [Маецца на ўвазе рэстаран «Поедим поедим» каля Курапатаў – РС]

Марыя Алёхіна
праваабаронца і ўдзельніца панк-гурту Pussy Riot

  • «Пару гадоў таму каля Курапатаў адкрыўся кабак, і людзі пратэставалі. Але Лукашэнка падтрымаў кабак. І толькі з гэтага прыкладу дакладна бачна стаўленьне ўладаў Беларусі да забітых людзей. Гэта стаўленьне нашчадкаў забойцаў. Я заклікаю ўсіх, хто бачыць гэта, зьвярнуць увагу на сытуацыю, на тое, што творыць улада Лукашэнкі, і спыніць зьнішчэньне мэмарыялу».

Уладзімер Мацкевіч
навуковец, тэлевядоўца, заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту»

  • «Такімі дзеяньнямі ўлады, падаецца, наступілі на інтарэсы праваслаўнай, каталіцкай царквы, усіх людзей, якія гэтымі гадамі ўшаноўвалі і ўладкоўвалі Курапаты. Нават тых людзей, якія асабліва не цікавіліся такой тэматыкай, абурылі і абудзілі гэтыя дзеяньні напярэдадні Вялікадня. Тым болей што гэтыя крыжы нікому не заміналі. Таму, напэўна, гэта можна лічыць выпрабаваньнем цярпімасьці, абыякавасьці беларусаў. Наколькі яны, абураючыся кожны паасобку, здольныя ці няздольныя аб’яднацца і рашуча адказаць на гэты вандалізм, дзеяньне, якое не падлягае ніякай маральнай ацэнцы».

Ігар Чарняўскі
сябра праўленьня фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць»

  • «На вялікі жаль, у грамадзтве няма дыялёгу. Прычым ня толькі паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладнымі структурамі, але і ўнутры самога грамадзтва. Пэўна, гэта такая наша беларуская спэцыфіка. І доля такая. Праз гэта ўвесь час мы цярпім і будзем цярпець, пакуль ня знойдзем шляхі да паразуменьня».

Тацяна Нядбай
старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру

  • «Курапаты — гэта нацыянальная памяць і народны мэмарыял. Тое, што там адбываецца сёньня, — гэта вайна з гісторыяй і памяцьцю, вайна з уласным народам. Залепленыя нумары ў машын кажуць толькі пра тое, што замоўцы і выканаўцы выдатна разумеюць: нават калі яны выконваюць загады і ў гэтым сэнсе дзейнічаюць нібыта ў межах закону, ёсьць законы сумленьня, чалавечнасьці, гісторыі. Іначай навошта хавацца і дзейнічаць без папярэджаньня, спотайку, хаваючыся?»

Уладзімер Някляеў
літаратар, кандыдат на прэзыдэнта ў 2010 годзе

  • «Ідзеш наперад — пазірай назад.
    Былое стуль за будучыняй сочыць,
    І калі ты яму зірнеш у вочы,
    Убачыш там, як на Галгофу кат
    Паперадзе сваёй ахвяры крочыць,
    Або ідзе адразу ўсьлед за ёй...

    О, Беларусь!.. Айчына!.. Што з табой?

    Увесь свой шлях, свой час увесь, свой век
    Ідзеш ты паміж дзьвюх крывавых рэк,
    Напоўненых то Захадам, то Ўсходам,
    І той, хто тут глуміўся над народам,
    Цяпер яшчэ й над Богам чыніць зьдзек!..

    Глянь на яго й жахніся, чалавек!
    Ты чуеш стогны? Гэта Курапаты,
    Дзе выварочваюць
    крыжы з магілаў
    каты!..»

Валер Гапееў
літаратар

  • «Калі выдзіраюць зь зямлі крыжы
    Ты ня стой, ты маліся, бо
    Гэту зямлю
    і гэтых жывых
    Пакінуў Гасподзь Бог».

Валярына Кустава
літаратарка і тэлевядучая

  • «Вясна распускала лісьце —
    і нібыта хацелася жыць.
    А трактары-аўтазакі
    з заплямленымі нумарамі,
    як тады, у трыццаць сёмым
    калісьці,
    па нашыя душы-крыжы
    ўзьняліся
    сёньня».

Ганна Севярынец
літаратарка і пэдагог

  • «Я дастану твае паперы.
    Пад рукою радок дрыжыць.
    Яны зносяць крыжы, Шурка.
    Над табою — зносяць крыжы.

    Цьвёрды почырк, тугія кропкі,
    Устрывожаны неспакой.
    Я ж таксама ня верыў, Ганна,
    Аж да самае ночы той.

    А тады — ну зьвязаны ж рукі.
    Як пакласьці апошні крыж.
    Перадай ім — і я ня верыў.
    Перадай ім — усё бачна звыш».

Эдуард Акулін
беларускі паэт, перакладчык, бард.

  • Іудаў дзень

    Нязводны ваш род, Пілаты,
    пакуль між сьляпога люду
    два тысячагодзьдзі Здрада
    вяртае зь пятлі Іуду...
    Сярод курапацкіх соснаў,
    дзе пахнуць крывёй лаўжы,
    сягоньня, бы зубы зь дзёснаў,
    з магіл расстраляных Вёснаў
    ён рве, як вар’ят, крыжы...

Эдуард Дубянецкі
літаратар і культуроляг, кандыдат гістарычных навук

  • «Ну што сказаць? Жахліва гэта й страшна,
    калі ідзе вайна супраць крыжоў,
    калі спрабуюць зьнішчыць нашу памяць,
    каб выхаваць манкуртаў і рабоў.

    Балюча ўсьведамляць, што ты бясьсільны
    перад злачынствам і прад сілай злой.
    О, Курапаты! Боль. Адчай. І ганьба
    тым, хто загінулых парушыў супакой.

    Ці пакараеш за блюзьнерства, Божа мой?!.»

Яцэк Чапутовіч
міністар замежных спраў Польшчы

  • «Дзяржавы павінны памятаць пра сьмерць і ахвяры, у гэтым выпадку ахвяры сталінскага рэжыму».

Мікалай Казлоў
выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі

  • «Я расцэньваю гэта як злачынства супраць усіх беларусаў, супраць нашых продкаў, супраць памяці. Нават не ўяўляю, чым павінен думаць чалавек, які аддаваў такі загад, каб абразіць значнае для ўсіх месца. Раней ці пазьней давядзецца адказаць — перад Богам і перад людзьмі. Бо гэта самае сапраўднае злачынства

    Калі створаная такая сыстэма, што кожны прэзыдэнцкі чых успрымаецца літаральна, вінаваты чалавек, які называе сябе праваслаўным атэістам. Хоць у гэтай сытуацыі гэта ўжо не праваслаўе і нават не атэізм».

Аляксей Янукевіч
намесьнік старшыні Партыі БНФ

  • «Калі ўлады пад аховай міліцыі руйнуюць крыжы, гэта паўтарае самыя змрочныя часы бальшавіцкага тэрору на беларускай зямлі.Мы перакананыя: кожны з тых, хто аддаваў такі загад і апраўдвае гэтыя дзеяньні, бяруць на сябе занадта вялікую адказнасьць і адкажуць за свае злачынствы — перад ахвярамі, народам і Богам.

    Улада ня здольная абараніць нават свой помнік, які нядаўна паставіла, ня можа знайсьці вандалаў. Яна здольная толькі паўтараць вандалізм і нішчыць крыжы. Патрабуем, каб улада спыніла сваю дзейнасьць у Курапатах і не замінала народу ахоўваць свой мэмарыял».