Як яно на самой справе
Так, гэта праўда. Пра гэта сьведчыць справаздача Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў за 2018 год.
Паводле справаздачы аб колькасьці вязьняў у краінах сьвету на 100 тысячаў насельніцтва, ў Беларусі іх было 343 (25 месца сярод 222 краінаў і тэрыторыяў), у Расеі — 385 (20 месца), у Азэрбайджане і Літве — 235 (52 месца), у Польшчы — 194 (75 месца), ва Ўкраіне — 150 (104 месца).
Абсалютны чэмпіён сьвету паводле гэтага паказьніку — ЗША, там 665 чалавек з кожных 100 тысячаў насельніцтва знаходзяцца ў зьняволеньні. Сярод постсавецкіх краінаў рэкардсмэн — Туркмэністан, які займае трэцяе месца ў сусьветным рэйтынгу, там адпаведны паказьнік складае 552.
Першае месца Расеі ў Эўропе паводле ўдзельнай колькасьці вязьняў зафіксаванае ў справаздачы Рады Эўропы, апублікаванай сёлета 2 красавіка. Гэта дадзеныя за 2017 год.
Паводле справаздачы Рады Эўропы доля зьняволеных на 100 тысяч насельніцтва была вышэй за ўсіх у Расеі — 418, большая, чым у справаздачы Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў. Зьвесткі наконт беларускай сытуацыі ў справаздачы адсутнічаюць, паколькі Беларусь зьяўляецца адзінай краінай Эўропы, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Аднак параўнаньне справаздачы Рады Эўропы за 2017 год са справаздачай Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў за 2018 год пацьвярджае, што паводле колькасьці вязьняў на 100 тысячаў насельніцтва Расеі на першым месцы ў Эўропе, Беларусь — на другім.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі