Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты працягваюць агароджваць пад аховай міліцыі. ФОТА

абноўлена

З раніцы 5 красавіка рабочыя з Заслаўя працягваюць ставіць агароджу па пэрымэтры Курапатаў, больш крыжоў ня валяць.

5 красавіка будаўнічыя работы ў Курапатах аднавіліся, але ў значна меншых маштабах, чым днём раней. Рабочыя з арганізацыі «Заслаўебудіндустрыя» закопваюць мэталічныя слупы ўздоўж лесу з боку рэстарацыі «Поедем поедим», іншыя рабочыя мантажуюць сэкцыі мэталічнай сеткі.

Ужо зроблена каля 50 мэтраў агароджы. На пляцоўцы працуюць да 10 рабочых і спэцыялістаў, іх абслугоўвае 2 грузавікі. Пагрузчыкаў і бульдозэраў, якія ўчора валілі курапацкія крыжы, сёньня на будоўлі не відаць.

Месца работ па-ранейшаму адгароджана бела-чырвонай стужкай; за тым, каб ніхто чужы не пранікаў за яе, сочаць некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным.

За агароджу прайшоў мужчына, які не назваўся. Яго сілай выштурхалі з пляцоўкі
За агароджу прайшоў мужчына, які не назваўся. Яго сілай выштурхалі з пляцоўкі

На ўезьдзе да курапацкага лесу дзяжураць супрацоўнікі ДАІ, уезд забаронены. Каб паглядзець на будоўлю, прыяжджаюць людзі. Анатоль з Маладэчанскага раёну прыехаў спэцыяльна, у голас абураўся дзеяньнямі ўлады і будаўнікоў. Міліцыянты загадалі яму адысьці ад пляцоўкі, затрымліваць ня сталі. Чалавек адышоў са словамі: «Ну што, мы прайгралі?»

На баку лесу ад заслаўскай дарогі выкапаныя ямкі пад слупкі агароджы прыкладна на 300 мэтраў, але работы там не вядуцца. Па саміх Курапатах можна хадзіць, як і ўчора ўвечары. Ачэплена стужкай толькі паласа ўздоўж лесу ад рэстарана, дзе ставяць агароджу.

Абаронцаў Курапатаў адганяе ад тэхнікі ля крыжоў чалавек у міліцэйскай форме, які прынцыпова адмаўляецца назваць сябе. Паводле Паўла Севярынца, які вядзе відэатрансьляцыю, гэта палкоўнік Сяргей Удодаў, намесьнік начальніка Менскага РУУС, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі. Ён «папярэджвае аб адказнасьці», не пагаджаецца размаўляць па-беларуску. З калёнак будаўнічай тэхнікі гучыць бадзёрая музыка.

4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.

Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.

Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG