Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Андрэй Павук выйшаў з АГП, пакрыўдзіўся на лідэраў


Андрэй Павук, архіўнае фота
Андрэй Павук, архіўнае фота

Блогер з Акцябрскага расчараваўся ў партыі пасьля таго, як не дачакаўся падтрымкі, калі ў яго рабілі ператрус.

Фатограф і блогер з пасёлку Акцябрскі Андрэй Павук апублікаваў на Facebook зварот да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі з просьбай выключыць яго з АГП. Ён растлумачыў Свабодзе, што разглядае варыянты далучэньня да іншых партыяў, але пакуль ня вырашыў, ці пойдзе ў нейкую канкрэтную.

«Кажу шчыра: АГП, на жаль, гэта ня тая партыя, якая яднае людзей, — разважае Павук. — Калі ў мяне былі праблемы, адзін [былы старшыня АГП] Лябедзька мне напісаў, „як ты, жыў-здароў?“. Астатнія — маўчаньне.

Гэта партыя дзеля партыі. А калі ўсё роўна, партыец ці не партыец, калі розьніцы няма, дык навошта?»

Гісторыя, прва якую гаворыць Павук — ператрус і затрыманьне 20 сакавіка ў сувязі з крымінальнай справай аб фальшывым мінаваньні будынку райвыканкаму (блогер мяркуе, гэта была падстава забраць тэхніку і спроба знайсьці зачэпкі для перасьледу).

Ён дадае, што з АГП раней было «багата скандалаў», сышлі «цікавыя людзі», як то Зьміцер Кавалгін. Павук робіць выснову: «Клімат і атмасфэра не спрыяюць таму, каб плённа працавалі».

Палітычную дзейнасьць, кажа Павук, ён не зьбіраецца пакідаць. Калі пабачыць, што мае зь нейкай партыяй агульныя інтарэсы, а партыі будзе патрэбна ягоная дапамога, ён далучыцца. Але дадае:

«Самаарганізацыя — наша ўсё, мо і ня трэба ніякіх партыяў».

АГП: Павуку дапамагалі

Ганна Красуліна, архіўнае фота
Ганна Красуліна, архіўнае фота

Прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна растлумачыла Свабодзе, што паведамленьня аб выхадзе з партыі, згодна статуту, дастаткова — партыя прымае гэта.

Але калі было затрыманьне і ператрус, адзначае Красуліна, партыя апублікавала інфармацыю пра гэта, у дзень затрыманьня на сайце АГП зьявіўся камэнтар лідэра партыі Мікалая Казлова.

Юрыдычную дапамогу Павуку, дадае Красуліна, аказваў і аказвае сябра партыі — чалец Нацыянальнага камітэту і старшыня камісіі АГП па прававых пытаньнях і правах чалавека, праваабаронца Леанід Судаленка. Ён быў на сувязі, кансультаваў Андрэя і ягоную жонку па тэлефоне амаль кожную гадзіну і меў выехаць у пасёлак адразу, калі будзе такая неабходнасьць.

Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

«На гэты момант складзеная і адпраўленая скарга ў пракуратуру вобласьці, чакаем адказу, — растлумачыў сам Судаленка. — Усю юрыдычную дапамогу ён атрымлівае».

Красуліна адзначае, што бачыць у сацыяльных сетках, што Андрэй Павук і ягоная жонка Вольга «апошнім часам бяруць удзел у справах „Гавары праўду“». Гэта дапушчальна: фармальна „Гавары праўду“ ня партыя, а АГП не забараняе чальцам браць удзел у грамадзкіх арганізацыях, дадае Красуліна, але на самой справе «Гавары праўду» відавочна перасьледуе палітычныя мэты. А калі дзьве арганізацыі маюць палітычныя мэты, можа аказацца, што іхныя інтарэсы перасякаюцца.

«Я ня думаю, што нешта страшнае адбылося, — разважае Красуліна. — Нічога скандальнага ў гэтым няма. Гэта нармальны працэс, калі чалавек вызначаецца, у той ён арганізацыі ці ў гэтай. Тым больш, што ўжо пачынаецца актыўны перыяд навучаньня кандыдатаў да парлямэнцкай кампаніі, так што ў любым выпадку кандыдатам трэба вызначацца, ад каго яны будуць ісьці».

Хто такі Андрэй Павук

Андрэй Павук цяпер вядомы ў сувязі з крэатыўнымі акцыямі й пэрформансамі ў ягоным родным пасёлку Акцябарскім (мястэчку Рудобелцы), спрэчкамі зь мясцовымі ўладамі. Яго і раней перасьледавалі за актывізм, у тым ліку судзілі з загадзя напісаным выракам. Таксама блогер вядзе YouTube-канал «Рудабельская паказуха», на які падпісана больш за 8 тысяч чалавек.

Упершыню ж ягонае імя стала вядомае шырокай публіцы празь песьню «Я из деревни» — кліп здымалі для конкурсу БРСМ, у выніку ён стаў інтэрнэт-мэмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG