Зьнішчэньне або псаваньне партрэтаў правадыроў у грамадзкіх месцах у Савецкім Саюзе лічылася сур’ёзным злачынствам. Такія эпізоды здараліся часта, іх расьсьледаваньнем займаліся органы дзяржаўнай бясьпекі. Дакумэнты савецкіх спэцслужбаў, якія захоўваюцца ў архіве Службы бясьпекі Ўкраіны, поўняцца згадкамі пра зьдзек над выявамі генсекаў або «бацькоў марксізму-ленінізму». Але зусім унікальным стаў выпадак, калі чэкістам давялося шукаць вінаватага ў замаху на партрэт Адольфа Гітлера.
Спаліў свастыку, раскрамсаў Гітлера
У 1940 годзе адносіны паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Нямеччынай дасягнулі максымальнай блізкасьці. Вызначыўшы агульную мяжу, Трэці рэйх і Савецкі Саюз дзялілі новыя тэрыторыі.
Паводле сакрэтнага пратаколу да пакту Молатава — Рыбэнтропа, у савецкую зону ўплыву траплялі ня толькі частка Польшчы, але і ўсход Румыніі — Бэсарабія і Паўночная Букавіна. Ваенная апэрацыя заняла лічаныя дні, савецкія войскі перайшлі мяжу ў канцы чэрвеня, не сустракаючы ніякага супраціву. Ужо ў пачатку жніўня ў СССР зьявілася трынаццатая рэспубліка — Малдавія.
Працу НКВД Малдавіі першы час курыравалі чэкісты суседняй Украіны. Наркам унутраных спраў УССР Іван Сяроў пару месяцаў асабіста папрацаваў у Бэсарабіі, а пасьля вяртаньня ў Кіеў атрымліваў справаздачы ад малдаўскага калегі Мікалая Сазыкіна.
У пачатку кастрычніка 1940 году з Кішынёва ў Кіеў прыйшло паведамленьне аб надзвычайным здарэньні ў малдаўскім сяле Чабанаўка*. Сьцьвярджалася, што мясцовы вартаўнік Іван Нагарняк «на рэгістрацыйным пункце забраў нямецкі сьцяг, спаліў, зьняў са сьцяны партрэт фюрэра і парваў».
Гітлер для Малдовы
Чаму ў малдаўскім сяле віселі нацысцкі сьцяг і партрэт Гітлера? Што гэта за рэгістрацыйны пункт, дзе можна вывешваць несавецкую сымболіку?
Сяло Чабанаўка заснавалі ў 1887 годзе нямецкія каляністы, раней яно называлася Гіртэнгейм.
Немцы жылі ў Бесарабіі ад пачатку XIX стагодзьдзя, да 1940 году іх у рэгіёне налічвалася каля 100 тысяч. У самым Гіртэнгейме, паводле сайту грамадзкай арганізацыі «Дом Бесарабскіх немцаў», пражывалі 342 прадстаўнікі гэтай нацыянальнасьці.
Пасьля анэксіі Бесарабіі савецкая ўлада дала немцам выбар: прыняць грамадзянства СССР і далей жыць тут альбо выехаць на гістарычную радзіму. Практычна ўсе немцы аддалі перавагу другому варыянту.
Арганізацыяй эвакуацыі займалася ў асноўным Нямеччына, але пад кантролем Савецкага Саюзу — для гэтага стварылі сумесную камісію. Улік ахвотных зьехаць вялі рэгістрацыйныя пункты, у якіх працавалі афіцыйныя прадстаўнікі Трэцяга рэйху.
У Чабанаўцы да канца верасьня ўсіх зарэгістравалі, пункт спыніў сваю працу, нямецкія супрацоўнікі пачалі рыхтавацца да ад’езду. Тады і адбыўся зьдзек над сьцягам і партрэтам.
Крохкае сяброўства
Як менавіта ўсё здарылася — чаму вартаўнік зрабіў замах на нацысцкія сымбалі і каго караць — у НКВД пакуль не разумелі. На месца адправілі групу апэратыўнікаў. Гісторыя пасьпела дайсьці ня толькі да кіеўскіх, але і да маскоўскіх кабінэтаў — кіраўнік НКВД Украіны, даведаўшыся аб тым, што здарылася, на наступны дзень даклаў першаму намесьніку наркама ўнутраных справаў СССР Усеваладу Мяркулаву. Той у адказ загадаў «старанна праверыць» Івана Нагарняка і дакласьці аб выніках.
Магчыма, выпадак у Чабанаўцы наогул застаўся б незаўважаным, але немцы хапіліся сьцяга з партрэтам і пра ўсё даведаліся. На тле культу асобы Гітлера ў Нямеччыне ўчынак вартаўніка выглядаў балючай аплявухай. Члены камісіі, якія знаходзіліся ў Кішынэве, выказалі пратэст галоўнаму савецкаму ўпаўнаважанаму Паўлу Вераценьнікаву, а таксама паведамілі аб тым, што здарылася, у Бэрлін.
У Кіеве і Маскве чакалі, што пакажа папярэдняя праверка. Спачатку опэргрупа толькі пацьвердзіла: зьнішчэньне сьцяга і партрэта сапраўды адбылося. На думку ўкраінскага гісторыка Ўладзіслава Грыневіча, у вачах чэкістаў Нагарняк мог выглядаць правакатарам, які спрабаваў сапсаваць савецка-нямецкія адносіны.
«Калі б высьветлілася, што ён, напрыклад, выхадзец з буржуазнага асяродку або былы белагвардзеец, можна было б сказаць, што ён варожы шпіён, які хоча паставіць пад пагрозу саюз зь Нямеччынац. Расстрэльваць за такое, мабыць, ня сталі б, а пасадзіць маглі».
Ні Грыневіч, ні яго калега з Малдовы Ігар Кашу не сустракалі згадак пра падобныя антыгітлераўскія акцыі ў СССР у той час. Пры гэтым навукоўцы сышліся ў думцы, што факт расьсьледаваньня інцыдэнту чэкістамі, нягледзячы на сваю курʼёзнасьць, выглядае цалкам лягічным. Пасьля падпісаньня пакту Молатава — Рыбэнтропа і дамовы аб дружбе і мяжы Савецкі Саюз аказваў Трэцяму рэйху рознабаковую дапамогу і рэзка згарнуў антыгітлераўскую прапаганду.
Ігар Кашу падкрэсьлівае: і СССР, і Нямеччына былі зацікаўленыя ў тым, каб эвакуацыя немцаў з Бэсарабіі прайшла гладка, без інцыдэнтаў. «Асаблівая ўвага на такім высокім узроўні да выпадку са сьцягам і партрэтам кажа пра тое, што Саветы ведалі: гэта можа прывесьці да ўскладненьняў зь немцамі ў пэрыяд, калі Сталін ніяк не хацеў выклікаць незадаволенасьць Гітлера», — дадаў ён.
Не зламаў, а згубіў
Празь некалькі дзён стала вядома пра вынікі расьсьледаваньня. Аказалася, што ніякага зьнішчэньня атрыбутаў сяброўскай дзяржавы не было.
Калі рэгістрацыйны пункт завяршыў працу, савецкі прадстаўнік камісіі Самадураў прапанаваў немцам забраць з будынка іх маёмасьць, а вартаўніку даручыў зьняць сьцяг Нямеччыны і партрэт Гітлера.
Нагарняк ня быў ні «варожым правакатарам», ні ідэйным антыфашыстам. НКВД характарызуе яго як «непісьменнага, забітага селяніна».
Вартаўнік узяў у члена нямецкай камісіі Готліба ключы, разам зь ім зайшоў у дом былой камісіі, забраў сымболіку, згарнуў і аднёс на месца свайго дзяжурства, каб пазьней вярнуць немцам.
Навошта трэба было насіць туды-сюды партрэт і сьцяг, з тэксту дакумэнта незразумела. Магчыма, савецкі бок прасіў хутчэй вызваліць будынак, а немцы чакалі, пакуль прыбудзе машына, якая адвязе ўсе іх рэчы.
Падчас дзяжурства вартаўнік убачыў незнаёмых людзей, якія на фурманках везьлі хлеб. Гэта здалося мужчыну падазроным, і ён пайшоў высьвятляць, у чым справа. А калі вярнуўся — убачыў, што сьцяг з партрэтам зьніклі.
Даведаўшыся пра зьнікненьне, член нямецкай дэлегацыі Лепер стаў пагражаць Нагарняку расстрэлам. Перапалоханы вартаўнік чамусьці вырашыў: лепш будзе схлусіць, што не згубіў, а зьнішчыў сымболіку.
«Опэргрупа ў выніку расьсьледаваньня прыкмет зьнішчэньня сьцяга і партрэта не выявіла», — падсумавалі чэкісты.
Нельга выключаць, што селянін усё ж зьнішчыў нямецкую атрыбутыку, а вэрсію аб крадзяжы прыдумаў пазьней — сам або з чыёйсьці дапамогай.
На гэтым гісторыя скончылася. Нагарняка адпусьцілі. Нямецкі бок, мабыць, не настойваў на пакараньні селяніна — лішнія скандалы з СССР яму таксама былі без патрэбы.
«Немцы ў той час таксама былі вельмі асьцярожныя, спрабуючы ня выклікаць непакой Савецкага Саюза і не парушаць якіх-небудзь фармальных пагадненьняў. Яны былі зацікаўленыя ў тым, каб Саветы працягвалі пастаўляць стратэгічную сыравіну, вельмі неабходную ім для падрыхтоўкі да ўварваньня ў СССР, якое здарылася менш чым праз год», — нагадвае Ігар Кашу.