Італьянскія школы ня будуць прымаць вучняў без даведак аб неабходных прышчэпках, паведамляе ВВС.
Законапраект прынялі на тле росту захворвання на адзёр (кор). Дзяцей да 6 гадоў могуць выключыць зь дзіцячага садка, калі ня будзе прадастаўленая даведка пра вакцынацыю дзіцяці.
У той жа час да заняткаў ў малодшай і сярэдняй школе вучняў дапусьцяць, але бацькоў, якія не падалі мэдычныя даведкі аб прышчэпках, аштрафуюць на суму ад 100 да 500 эўра.
Для дзяцей у Італіі абавязковымі і бясплатнымі зьяўляюцца 10 прышчэпак супраць:
- поліяміеліту;
- дыфтэрыі;
- слупняка;
- гепатыту В;
- коклюшу;
- гемафільнай інфекцыі тыпу b;
- адзёру;
- краснухі;
- эпідэмічнага паратыту (сьвінкі);
- вятранкі.
Адкладаць дзеянне закону, як гэта было зроблена у 2018 г., парлямэнт больш ня будзе, хоць пра гэта і прасіў Матэа Сальвіні (Matteo Salvini), міністар унутраных справаў, піша today.it.
З прычыны зьмяншэньня маштабаў імунізацыі адзёр хутка распаўсюджваецца ва ўсім свеце. У 2017 годзе (гэта апошні год, за які сабраныя дадзеныя па сьмяротнасці) ад адзёру памерла больш за 109 тысяч чалавек, прычым большасьць з іх ніколі не былі прышчэпленыя, альбо толькі нядаўна атрымалі першую прышчэпку, але без паўторнай вакцынацыі.
Недавер да вакцынацыі ў розных краінах выкліканы неаднолькавымі прычынамі. У мусульманскіх краінах ілжывых чутак аб выкарыстаньні тканак сьвіньні ў вытворчасці вакцыны аказалася дастаткова, каб бацькі адмовіліся прышчапляць дзяцей. Ад 2001 году ў ЗША колькасць адмоваў ад прышчэпак павялічылася у чатыры разы. Адмаўляючыся прышчапляць сваіх дзяцей, бацькі прыводзяць самыя розныя прычыны, піша Foreign Policy. Тут і звышпрыбыткі фармацэўтычных кампаніяў, і схаванае заражэньне ртуцьцю, і страх перад разььвіццём аўтызму ў дзяцей, і агульнае нежаданьне бацькоў глядзець на тое, як скуру іх дзяцей пратыкаюць іголкамі.