5 сакавіка 1953 гаду ў газэце «Праўда» зьявілася паведамленьне пра сьмерць Сталіна — чуткі пра гэта хадзілі па Маскве ўжо некалькі дзён. Датуль маёр амэрыканскай арміі Мартын Мангаф прапрацаваў у сталіцы СССР ужо больш за год.
Пісьмова сваю рэакцыю на сьмерць савецкага дыктатара Мангаф ніяк не зафіксаваў. Але памочнік вайсковага аташэ зрабіў для гісторыі куды больш: ён зьняў пахаваньне Сталіна.
Кадры, зробленыя амэрыканскім маёрам з акна з выглядам на Крэмль, сталі адзіным незалежным кінадоказам пахаваньня Сталіна.
На кроніцы Мангафа, зьнятай на каляровую кінастужку, відаць, як сотні салдатаў у бушлатах утвараюць доўгі калідор, па якім на Красную плошчу выносяць труну зь целам Сталіна. Далей варта, працэсія з дзесяткаў высокапастаўленых асобаў — чальцоў Палітбюро і іншых вышэйшых чыноўнікаў. Яны трымаюць перад сабой масіўныя пахавальныя вянкі.
Мангоф працаваў над сваім фільмам як штатны супрацоўнік амэрыканскай амбасады, і адзьнятыя ім матэрыялы, хутчэй за ўсё, прызначаліся для амэрыканскіх спэцслужбаў. Магчыма, узіраючыся ў гэтыя кадры, яны спрабавалі зразумець, хто зойме месца Сталіна.
Гісторык з Сіэтлу Дуглас Сьміт быў першым, хто ўбачыў матэрыялы Мангофа і даў Свабодзе эксклюзіўны доступ да іх.
Зьнятая Мангофам кроніка, імаверна, адзіная ў сьвеце. Большая частка — калі не 100% — прысьвечаных пахаваньню Сталіна кінаматэрыялаў засноўваліся на кадрах, зробленых савецкімі дзяржаўнымі агенцтвамі.
Упершыню гэты матэрыял быў апублікаваны на нашым сайце 5 сакавіка 2018 году