Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад АДКБ да NATO: Лукашэнка выказаў сваё стаўленьне да міжнародных арганізацый


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам ураду і найвышэйшых дзяржаўных органаў, на якой абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з эўрапейскімі арганізацыямі, паведамляе БЕЛТА.

За наладжваньне ўзаемапаважлівых стасункаў з NATO

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выступае за наладжваньне «ўзаемапаважлівых стасункаў з NATO, якія ў канчатковым выніку ўмацоўвалі б бясьпеку нашай краіны». Ён падкрэсьліў, што тры дзяржавы, якія мяжуюць зь Беларусьсю, зьяўляюцца сябрамі Паўночнаатлянтычнага альянсу, а Ўкраіна «горача, люта імкнецца туды».

«Гэта пэўны выклік і пажыўнае асяродзьдзе для канфрантацыі, асабліва ва ўмовах заклікаў і плянаў узмацненьні вайсковай прысутнасьці», — сказаў Лукашэнка і адзначыў, што ні Беларусі, ні яе суседзям «новыя разьдзяляльныя лініі не патрэбны», таму трэба наладжваць адносіны з альянсам.

«Мы зь імі павінны размаўляць. Мы не павінны на іх глядзець як на ворагаў», — сказаў ён.

«Сытуацыя ў АДКБ нездаровая»

Пасьля выхаду ЗША і Расеі з дамовы аб ліквідацыі РСМД вайскова-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках АДКБ зьяўляецца «важным пытаньнем міжнароднага ўзаемадзеяньня для Беларусі», заявіў Лукашэнка.

«Калі хочаце, гэта найважнейшы напрамак цяпер, дзе павінны быць сканцэнтраваныя нашы намаганьні ў сілу тых тэндэнцый, якія разьвіваюцца ў вайскова-палітычнай сфэры на плянэце ў цэлым. Асабліва пасьля таго, як абедзьве найбуйнейшыя ядзерныя дзяржавы выйшлі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.

З улікам сусьветных тэндэнцый запатрабаванасьць гэтай арганізацыі сумневаў не выклікае. Аднак цяпер паўстала нездаровая сытуацыя ў АДКБ. Вазьміце хоць бы звычайнае пытаньне — прызначэньне генэральнага сакратара», — заявіў Лукашэнка.

Менск настойвае на тым, што генэральным сакратаром АДКБ павінен стаць дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. Беларускую кандыдатуру ўзгаднілі Кіргізстан, Казахстан, Таджыкістан і Расея. Супраць кандыдатуры Зася выступае Армэнія, якая раней датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава з адпаведнай пасады, абвінавачваючы яго ў супрацьпраўных дзеяньнях падчас працы на іншай пасадзе непасрэдна ў Ерэване, але настойвае на прызначэньні сваёй кандыдатуры.

Працэс эўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад

Аляксандар Лукашэнка адзначыў «адсутнасьць прагрэсу ў разьвіцьці эўразійскай інтэграцыі».

«На жаль, працэс эўразійскай інтэграцыі паварочваецца назад, калі ўжо не павярнуўся. Мне дакладваюць пра бар’еры, перашкоды і абмежаваньні для нашых суб’ектаў гаспадараньня. А адсутнасьць канкрэтнай работы ў іх ліквідацыі прыкрываецца нейкай лічбавай позвай», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, перад ЭАЭС ставіліся і іншыя важныя мэты — стварэньне агульнага рынку і роўных умоваў. «Можа, неабходна вярнуцца да пакетнага прынцыпу ў вырашэньні вострых пытаньняў, а таксама пры ліквідацыі бар’ераў і абмежаваньняў? Адказ на гэтае пытаньне важны для будучыні еўразійскай інтэграцыі», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што ключавым рынкам для Беларусі застаецца рэгіён СНД.

Саюзная дзяржава — толькі на роўных умовах

«Беларусь захоўвае абсалютную прыхільнасьць ідэі саюзнага будаўніцтва. Хачу, каб гэта перш за ўсё пачулі нашы прыхільнікі і апанэнты ў Расейскай Фэдэрацыі.

Пры гэтым асноўны прынцып гэтага праекту — роўныя ўмовы для нашых суграмадзян і суб’ектаў гаспадараньня. На іншых прынцыпах саюз немагчымы. І прынцып роўных умоў павінен няўхільна выконвацца. Пастулят сувэрэнітэту таксама застаецца для Беларусі непарушным», — сказаў Лукашэнка.

Паводле беларускага кіраўніка, самыя актуальныя праблемы ў стасунках з Расеяй «знаходзяцца ў эканамічнай сфэры, у іншых праблем практычна не існуе».

«Лёд у адносінах з Эўразьвязам не растаў»

Паводле Лукашэнкі, Беларусь пасьпяхова наладжвае дыялёг са сваім «другім найбуйнейшым партнэрам» — Эўразьвязам, аднак «лёд у адносінах яшчэ не растаў», піша БелТА.

«Брусэль падоўжыў дзеяньне хай сымбалічных, але ўсё ж абмежавальных захадаў. Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Яны ж ня маюць ніякага значэньня практычна, акрамя сымбалічнага. „Таргуецца“ з намі нават у дробязях Эўразьвяз, ухіляецца ад размовы пра новае базавае пагадненьне», — сказаў Лукашэнка і зазначыў, што ў той жа час Эўразьвяз мае такія пагадненьні з Расеяй ды іншымі постсавецкімі краінамі.

Лукашэнка падкрэсьліў, што «заходні і ўсходні вэктары беларускай замежнай палітыкі павінны ўраўнаважваць адзін аднаго, але цяпер адбываецца адваротнае — зрухі ў дыялёгу з Захадам выклікаюць раздражненьне ў Маскве і наадварот.

«Да балянсу мы прыйдзем толькі тады, калі рынак Эўразьвязу для нас ператворыцца ў рэальную альтэрнатыву расейскаму не на паперы, а на справе, у канкрэтных выніках», — сказаў беларускі кіраўнік.

Пра далучэньне Беларусі да WTO: ня трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць

Лукашэнка падкрэсьліў, што ад уступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю павінны быць атрыманыя канкрэтныя перавагі.

«Ня трэба туды ўступаць дзеля таго, каб уступіць. І я не падпішу ніводнага дакумэнту аб уступленьні Беларусі ў WTO, пакуль мне на стол ня будуць пакладзеныя канкрэтныя перавагі ад гэтага, — заявіў ён. — У адваротным выпадку зноў будзем празь некаторы час галасіць і стагнаць, як па ЭАЭС».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG