Цыганкоў: Лукашэнка рыхтуецца да транзыту ўлады
Аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў зьвярнуў увагу на тры галоўныя тэзісы ў адказе Аляксандра Лукашэнкі журналісту Радыё Свабода Валянціну Жданко.
- «На той сьвет мяне з прэзыдэнцкага крэсла не панясуць». То бок Лукашэнка заяўляе, што ня будзе прэзыдэнтам да канца жыцьця. Тут няма чаго камэнтаваць. Застаецца толькі паверыць.
- Лукашэнка заявіў, што сваім сынам перадаваць уладу ён таксама не зьбіраецца.
- Ужо рыхтуюцца зьмены ў Канстытуцыю. І гэта справа «не пяці гадоў», а значна карацейшага тэрміну. Відавочна, цяперашні кіраўнік Беларусі вельмі пільна рыхтуецца да варыянту транзыту, пераходу ўлады.
Карбалевіч: Лукашэнка нешта хавае — або сам не разумее, чаго хоча
Валер Карбалевіч мяркуе, што адзіная вартая ўвагі палітычная навіна, якая прагучала з вуснаў Лукашэнкі 1 сакавіка, — гэта інфармацыя пра тое, што рыхтуецца прыняцьце новай Канстытуцыі:
«Пакуль, праўда, незразумела, у якім кірунку яна павінна мяняцца. Камэнтары Лукашэнкі вельмі цьмяныя. Ці то нешта хавае, ці то пакуль сам не разумее, чаго хоча».
Дракахруст: Гэта вельмі падобна да праектаў Назарбаева і Аліева
Аналітык Свабоды Юры Дракахруст камэнтуе адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне Свабоды.
«Першае — не зусім зразумела. Гэта не ад яго залежыць, у пэўным сэнсе. Ці вызначыў для сябе нейкі тэрмін, калі сыдзе?
Другое — колькі разоў казалася адваротнае. Можа, жартам. А можа, жартам гаварылася сёньня, што дзеці ня пойдуць у прэзыдэнты.
Даволі дзіўны аповед пра зьмену Канстытуцыі — маўляў, даў загад судзьдзям Канстытуцыйнага суду. Гэта не юрыдычнае, а палітычнае рашэньне, судзьдзі павінны атрымаць заданьне, як трэба мяняць Канстытуцыю. Сам Лукашэнка ў 1996 годзе, калі прадстаўляў праект Канстытуцыі, сказаў — яго аўтар перад вамі. І ў палітычным сэнсе гэта так і было. І так і ёсьць.
Пытаньне — як бы Лукашэнка хацеў памяняць Канстытуцыю? Намёкі наконт пераразьмеркаваньня ўлады вельмі падобныя да праектаў Назарбаева і Аліева».