Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп і Кім Чэн Ын не дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні Паўночнай Карэі


Прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і лідэру Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыну не ўдалося дасягнуць пагадненьня аб ядзерным раззбраеньні Карэйскага паўвострава на саміце ў Віетнаме ў чацьвер, паведаміў Белы дом па выніках перамоваў.

Раней абодва выказвалі надзею на прагрэс у паляпшэньні стасункаў і ў ключавым пытаньні дэнуклеарызацыі, у ходзе перамоваў у віетнамскай сталіцы Ханоі.

«Лідэры дзьвюх краінаў абмеркавалі розныя спосабы прасоўваньня дэнуклеарызацыі і эканамічна матываваныя пытаньні, — сказала прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс. — Гэтым разам пагадненьне не было дасягнутае, але іхныя адпаведныя каманды зь нецярпеньнем чакаюць сустрэчы ў будучыні».

Трамп быў заплянаваў правесьці «цырымонію падпісаньня сумеснага пагадненьня» з Кім Чэн Ынам у канцы перамоваў на найвышэйшым узроўні, у адпаведнасьці з ранейшай аб’явай Белага дома.

Абодва лідэры пакінулі месца правядзеньня перамоваў, гатэль Metropole, у 13.25 паводле мясцовага часу, без удзелу ў заплянаваным сумесным абедзе, і вярнуліся ў свае гатэлі. Усяго на перамовы 28 лютага было адведзена пяць гадзiн, аднак працягваліся яны толькі каля трох.

Дональд Трамп павінен правесьці прэс-канфэрэнцыю ў 14.00.

Навіна пра зьмены ў раскладзе прывяла да падзеньня валюты Паўднёвай Карэі і ўдарыла па рэгіянальных фондавых рынках.

Раней Кім Чэн Ын і Дональд Трамп, седзячы насупраць за сталом канфэрэнцыі, выказалі ўпэўненасьць у прагрэсе.

Гэта другі саміт ЗША і КНДР. Першая сустрэча ў Сынгапуры ў чэрвені мінулага году завяршылася падпісаньнем дакумэнта, згодна зь якім Паўночная Карэя абавязаная праводзіць раззбраеньне ў адказ на гарантыі бясьпекі з боку ЗША. Аднак пазьней СМІ паведамлялі, што КНДР працягвае ядзерныя распрацоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG