Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за спробу забойства супраць Вадзіма М., затрыманага 11 лютага за напад з нажом у стаўпецкай школе № 2.
Справу завялі за раненьне двух 10-клясьнікаў паводле ч. 1 арт. 14 Крымінальнага кодэксу. Падлеткі знаходзяцца ў здавальняючым стане, 13 лютага іх перавялі з рэанімацыі ў хірургію.
Адразу пасьля здарэньня супраць Вадзіма М. завялі крымінальную справу за забойства двух чалавек.
Паводле мэдычнага агляду, падазраваны ня быў ані ў стане алькагольнага апʼяненьня, ані пад узьдзеяньнем наркотыкаў ці псыхатропаў. СК вырашае пытаньне аб прызначэньні падазраванаму комплекснай стацыянарнай судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.