Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў стаўпецкай трагедыі — на думку чыноўнікаў і духавенства. ІНФАГРАФІКА


Разьвітаньне і пахаваньне забітай настаўніцы і вучня ў Стоўпцах
Разьвітаньне і пахаваньне забітай настаўніцы і вучня ў Стоўпцах

11 лютага вучань стаўпецкай школы напаў на настаўніцу і вучняў, двое загінулі. Яшчэ два параненыя падлеткі застаюцца ў лякарні. Хто вінаваты — галоўнае пытаньне. Вось як на яго адказваюць чыноўнікі і прадстаўнікі духавенства.

«Вінаватыя ўсе»

Наконт трагедыі ў Стоўпцах праз суткі пасьля здарэньня выказаўся Аляксандар Лукашэнка. Паводле яго, вінаватыя ўсе. Але найбольш — старшыня райвыканкаму і міністар адукацыі.

«Трэба на ўсю катушку спагнаць перш за ўсё са старшыні райвыканкаму. І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? Школа — сьвятое месца. Як у царкву, трэба ісьці ў школу», — сказаў Лукашэнка.

Адказам на такое здарэньне, на думку Лукашэнкі, мусіць быць «навядзеньне жалезнай дысцыпліны ў школе».

Кампутары

Кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Качанава выказала думку, што «з-за кампутараў дзеці замыкаюцца ў сабе», бо там шмат нэгатыўнай інфармацыі.

«Трэба дзяцей адарваць ад кампутараў, дзе шмат нэгатыўнай інфармацыі, каб дзіця не замыкалася ў сабе, было ў калектыве», — заявіла Качанава, нагадаўшы пра важнасьць уцягваньня дзяцей у спорт і гурткі.

«Глыбокае маральнае пашкоджаньне душы»

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел лічыць, што здарэньне адбылося з прычыны «глыбокага маральнага пашкоджаньня душы» стаўпецкага нападніка.

«З пачуцьцём глыбокага смутку і болю даведаўся пра трагедыю, якая адбылася ў сярэдняй школе № 2 Стоўпцаў, дзе ў выніку нападу зламысьніка загінулі настаўніца і адзін з вучняў, а два атрымалі раненьні. Просім перадаць шчырае спачуваньне і словы падтрымкі родным і блізкім загінулых і пацярпелых», — гаворыцца ў тэлеграме, якую публікуе сайт Беларускай праваслаўнай царквы.

«Тры пакаленьні атэізацыі»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце з нагоды трагедыі ў Стоўпцах напісаў пра атэізацыю людзей. Адрыў ад «каранёў духоўнага жыцьця» становіцца вынікам такіх трагедый, лічыць арцыбіскуп.

«Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцьця — Эвангельля і вучэньня Касьцёлу. За апошнія тры дзесяцігодзьдзі сытуацыя зьмянілася, але не настолькі, каб максымальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэньню», — заявіў арцыбіскуп.

«Расейскія фільмы»

Былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі — галоўны інспэктар па Менскай вобласьці і дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецкай выбарчай акрузе Мікалай Іванчанка галоўнай праблемай называе расейскія фільмы на тэлевізіі, дзе «паказваюць сцэны гвалту».

«Гэта своеасаблівае капіяваньне. Але капіяваньне замбаванае. Гэта ідзе ад нашэсьця хвалі гвалту з экранаў тэлевізіі, інтэрнэту. Паглядзіце гэтыя расейскія фільмы! Амаль не бывае стужкі, дзе ўсё не заканчваецца забойствамі, гвалтам. Падаецца як нешта такое, што само сабой разумеецца. Аўтары гэтых фільмаў — мабыць, у пагоні за грашыма — фактычна разбэшчваюць дзяцей. А ў вучняў яшчэ і нагрузкі моцныя», — сказаў Свабодзе Мікалай Іванчанка.

Пакуль Сьледчы камітэт, які вядзе справу двайнога забойства ў Стоўпцах, не назваў афіцыйнай прычыны і матываў дзесяціклясьніка, што ў чыніў напад, у выніку якога загінулі двое. Параненыя вучні застаюцца ў лякарні, іх перавялі з рэанімацыі ў хірургію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG