Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць разбурэньне «лавы Клінтана» і «прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», піша сайт амбасады.
Пра што яшчэ напісалі ў заяве?
«Мы перакананыя, што гэты ўчынак выклікае агіду ў грамадзян і ўладаў Беларусі. Знішчэньне лаўкі не адаб’ецца на падтрымцы з боку ЗША незалежнасьці і сувэрэнітэт Беларусі, а таксама той канструктыўнай ролі, якую Беларусь адыгрывае ў рэгіёне.
Вандалы могуць зьнішчыць лаўку, але не тое, што яна сабой увасабляе. Месца роздуму для наведвальнікаў Курапат, лаўка сымбалізуе такія агульныя каштоўнасьці, як рашучае процістаяньне тыраніі і тэрору, і надзею, што падзеі, якія адбыліся тут восемдзесят год таму, болей нідзе і ніколі не паўторацца».
Гісторыя «лавы Клінтана»
15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Гэта пакуль адзіны ў гісторыі незалежнай Беларусі візыт кіраўніка ЗША.
Візыт Клінтана быў кароткі, усяго дзень, але прэзыдэнт знайшоў час пабываць у Курапатах, дзе ўсклаў кветкі да крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа Біл Клінтан урачыста адкрыў мэмарыяльны знак з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці». Гэты знак — каменную лаву — прывезьлі з Штатаў літаральна за дзень да візыту Клінтана і ўсталявалі ў Курапатах у ноч на 15 студзеня.
1 лютага невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 344 КК Беларусі, паводле якога пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў або аб’ектаў, якім можа быць прысвоены такі статус караецца:
- грамадзкімі працамі;
- штрафам або арыштам;
- да 3 гадоў абмежаваньнем волі ці пазбаўленьня волі.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.