Цяпер юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі ня маюць права аказваць «паслугі забаўляльнага характару» ў месцах масавага пахаваньня людзей.
30 студзеня прэм’ер-міністар Сяргей Румас унёс зьмены ў пастанову ўраду № 675 «Аб зацьвярджэньні правілаў добраўпарадкаваньня мэмарыялаў, помнікаў баявой славы, вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў ахвяраў войнаў», прынятую 17 верасьня 2018 году.
Зьмены апублікаваныя 5 лютага на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу.
Цяпер пастанова мае іншую назву — «Аб зацьвярджэньні Правілаў добраўпарадкаваньня мэмарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магілаў воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусьветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, вайсковых могілак, асобных вайсковых участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахаваньня цывільнага насельніцтва».
Да «месцаў масавага пахаваньня цывільнага насельніцтва» можна аднесьці і ўрочышча Курапаты пад Менскам, дзе былі выяўленыя масавыя пахаваньні расстраляных у канцы 1930 — пачатку 1940-х гадоў, адпаведна новыя правілы маюць распаўсюджваюцца і на Курапаты.
Прэсавы сакратар прэм'ера-міністра Беларусі Ўладзіслаў Сычэвіч пацьвердзіў Свабодзе, што пастанова тычыцца і Курапатаў.
Ці закране новая пастанова забаўляльнага комплексу «Поедем поедим», які быў пабудаваны ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў і выклікала абурэньне грамадзкасьці, пакуль невядома.
Паводле дакумэнту:
- У межах ахоўных зон і зон аховы ландшафту мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы мусяць забясьпечыць правядзеньне работ па добраўпарадкаваньні, захаваньні і аднаўленьні месцаў пахавання.
- Таксама яны абавязаныя забясьпечыць ахову мэмарыялаў, каб прадухіліць любыя акты вандалізму, зьнішчэньня або зьмяненьня элемэнтаў добраўпарадкаваньня месцаў пахаваньня, а таксама выкарыстаньня іх «не па прызначэньні» (выгул хатніх жывёлаў, разьвядзеньне вогнішча).
- Аховай месцаў пахаваньняў павінны займацца тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў «шляхам пэрыядычнага патруляваньня нарадамі міліцыі, а таксама неадкладнага рэагаваньня на паведамленьні аб правапарушэньнях і здарэньнях».
- У пастанове таксама адзначана, што бізнэсу забаронена аказваць паслугі забаўляльнага характару ў месцах пахаваньня, якія несумяшчальныя «з захаваньнем памяці аб загінулых і фармаваньнем паважлівага стаўленьня да падзей гісторыі дзяржавы».
У апошнія дні ўрочышча Курапаты стала аб’ектам нападу вандалаў. Невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» і надрапалі зорку Давіда на дзяржаўным помніку.