Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынцы падпісаліся на Instagram случанкі. Дачакаліся, калі пойдзе ў салярый, і скралі машыну


© Shutterstock
© Shutterstock

Жыхарка расейскага Санкт-Пецярбургу Кацярына Гайсіна, народжаная ў Слуцку, страціла машыну праз «гісторыю» ў Instagram, расказала слуцкаму «Інфа-кур’еру» ейная сястра Ксенія Івашко.

Кацярына вядзе старонку ў Instagram, на якую падпісаныя 117 тысяч карыстальнікаў. Аднойчы яна апублікавала пост у рэжыме «гісторыі» (stories — кароткія відэа або карцінкі, якія празь дзень самазьнішчаюцца) пра тое, што прыехала ў салярый. За ня больш як 15 хвілінаў, што яна была ў салярыі, у яе скралі машыну.

Паліцыя праглядзела вулічныя камэры назіраньня і вызначылі злачынцаў: два хлопцы і дзяўчына сачылі за жанчынай некалькі дзён. Праз камэры адсачылі, што машына зьехала за горад, але пасьля сьлед згубіўся. Машыну не знайшлі дагэтуль.

Жанчыне пазьней патэлефанавала незнаёмка, якая казала, што ненавідзіць яе, і ў непрыстойнай форме згадвала бірульку зь Мікі Маўсам — менавіта такая была на ключах машыны Кацярыны, і пра гэта ведалі толькі блізкія ёй людзі.

Спэцыялісты ў бясьпецы (як кампутарнай, так і «афлайнавай») пастаянна рэкамэндуюць не публікаваць у агульным доступе зьвесткі пра сваё жыцьцё, якія могуць зацікавіць злачынцаў. Напрыклад, калі ўся сям’я едзе ў адпачынак і пакідае кватэру пустой, лепей не паведамляць пра гэта да вяртаньня дамоў. Такую параду давала і Свабода — і ёсьць яшчэ 6 простых правілаў бясьпекі ў інтэрнэце, якіх шмат хто не выконвае.

Беларускія сьледчыя даюць і іншыя парады: напрыклад, што рабіць зь вірусамі, якія «штрафуюць за прагляд порна», і спасылкамі кшталту «адкуль тут тваё фота?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG