Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я іду змагацца за беларускі сьвет». Алена Анісім заявіла пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах


Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім заявіла пра свой намер балятавацца на наступных выбарах у прэзыдэнты Беларусі.

У інтэрвію «Эўрарадыё» яна патлумачыла, што да такога рашэньня яе падштурхнулі публікацыі на маргінальных расейскіх рэсурсах, аўтары якіх «пазыцыянуюць сябе як ворагі незалежнай Беларусі».

«Я давала і буду даваць адпор»

— Я давала і буду даваць адпор тым, хто спрабуе адмовіць беларусам у праве на самастойнае існаваньне, — патлумачыла яна сваё рашэньне ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды. — Заплюшчваць вочы я не зьбіраюся, таму і разьмясьціла свой адказ.

— Ці азначае гэта, што вы ідзяце ў прэзыдэнты, каб змагацца з «русским миром»?

— Давайце лепш скажам так: каб змагацца за беларускі сьвет. Мэта майго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі — гэта змаганьне за нашае права жыць на сваёй зямлі, выбудоўваць уласную палітыку ў інтарэсах беларускага народу. На аснове беларускай культуры і роднай беларускай мовы.

«Я буду рабіць сваю справу, як і рабіла дагэтуль»

Алена Анісім кажа, што дзяржаўныя органы Беларусі павінны адрэагаваць на публікацыі на некаторых расейскіх сайтах, у якіх «ёсьць ня столькі наезды на мяне, а ёсьць жаданьне ўплываць і вызначаць дзяржаўную ўнутраную палітыку ў Беларусі».

— І таму вось гэтую небясьпеку павінны бачыць адпаведныя дзяржаўныя органы і адпаведным чынам рэагаваць. Бо я сама сябе абараню. Я буду рабіць сваю справу, як і рабіла дагэтуль.

Нашы апошнія дзеяньні, гэта дзейнасьць унівэрсытэту імя Ніла Гілевіча, тое, што кожны з дэпутатаў атрымаў праект закону аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, гэта ўсё нэрвуе адпаведныя колы. І змушае іх менавіта вось так рэагаваць. Гэта іхні такі стыль. Але ў іх свае задачы і дзеяньні, а ў нас свае.

Алена Анісім сказала, што ня мае намеру «ўхіляцца ад розных нападак».

— Але я не зьбіраюся ні з кім варагаваць. Я адстойваю наша права беларусаў жыць у сваёй краіне і не пытацца ва ўсходняга ці заходняга суседа, як нам жыць. Гэта мы павінны вызначаць самі. І нікому мы не дамо гэтага права, каб нехта за нас вырашаў».

Дэпутатка разьлічвае на падтрымку сяброў і прыхільнікаў ТБМ. Якіх, па яе словах, «больш як палова насельніцтва».

«Я не зьбіраюся закручваць гайкі»

Што Алена Анісім прапануе сваім патэнцыйным выбарнікам у адрозьненьне ад асноўнага канкурэнта — Аляксандра Лукашэнкі?

— Я не зьбіраюся закручваць гайкі ў нашым грамадзтве. Я буду рабіць акцэнт на тым, што кожны, хто займае сваю пасаду, нясе сваю долю адказнасьці за ўсё, што будзе рабіцца ў гэтай галіне.

Я не зьбіраюся браць на сябе рашэньне па ўсіх практычна пытаньнях. І тое, што можа рабіцца на ўзроўні мясцовым, павінна рабіцца там. Тое, што тычыцца ўзроўню вялікага гораду, яно павінна вырашацца там.

А што да зьнешняй палітыкі і больш значных рэчаў, то гэта, канечне, самы высокі ўзровень. Падзел уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG