29 студзеня ў Наваградку пачаўся суд над былым дырэктарам бярозаўскага шклозаводу «Нёман» Уладзімерам Авуткам і начальнікам упраўленьня продажаў шклаваты Іванам Шышко. Абодва абвінавачваюцца ў хабарніцтве.
Былы дырэктар віну не прызнае
Уладзімера Авутку і Івана Шышко абвінавачваюць у атрыманьні хабару. Першаму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй (частка 1 і 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэксу), другому — да сямі гадоў з канфіскацыяй (частка 1 артыкула 430 КК).
Справу разглядае судзьдзя Ігар Ваўчок.
Як паведаміў пракурор у камэнтары журналістам перад паседжаньнем, Шышко віну цалкам прызнаў, Авутка — не, сьцьвярджае, што яго падставілі.
Авутка ўтрымліваецца пад вартай, знаходзіцца ў зале суда ў клетцы, Шышко выпусьцілі з-пад варты. Ён сядзіць па-за клеткай.
Уладзіміру Авутку 54 гады. Родам з Ваўкавыску. Мае вышэйшую адукацыю. Жанаты.
Івану Шышко 47 гадоў. Родам зь Дзятлаўскага раёну. Мае вышэйшую адукацыю. Жыве ў Лідзе. Цяпер працуе намесьнікам дырэктара ў камэрцыйных пытаньнях у прыватнай фірме ў Лідзе. Жанаты, ёсьць непаўналетняе дзіця.
Як стала вядома ў судзе, Шышко затрымалі 11 ліпеня, Авутку на наступны дзень. Шышко выпусьцілі з-пад варты ў тым жа месяцы.
Відэа затрыманьня Авуткі:
Згодна з дзяржаўным абвінавачаньнем, якое зачытаў пракурор, Авутка некалькі разоў атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў дзьвюх украінскіх прыватных фірмаў за тое, што абяцаў пастаўляць ім шклавату ў першую чаргу. Агульная сума хабараў склала ня менш за 6 тысяч даляраў. Шышко атрымаў хабар адзін раз — 1200 даляраў.
«Можа, гэта быў спосаб аказаць ціск»
Як апавёў у судзе Авутка, ён працаваў дырэктарам заводу «Нёман» са жніўня 2017 году. Падчас працы жыў у гатэлі. Ён пацьвердзіў некалькі сустрэч з прадстаўнікамі ўкраінскіх фірмаў. Па ягоных словах, сустракаліся зь іх ініцыятывы: каля аэрапорта, у гатэлі ў Кіеве, у кафэтэрыі на запраўцы пад Менскам. Звычайна абмяркоўвалі працоўныя пытаньні: асартымэнт, цэны, пляны.
Ён адмаўляе ва ўсіх выпадках, што атрымліваў грошы.
Адна з прадстаўніц украінскай фірмы напісала яўку з павіннай, што дала хабар. Авутка лічыць, што яна яго абгаварыла, бо для іхнай фірмы павысіліся цэны на шклавату.
«Раней былі льготы. Мы іх скасавалі. Можа, гэта быў спосаб аказаць ціск... Яе не задаволілі ўмовы, якія сталі роўнымі для ўсіх», — выказаў меркаваньне Авутка.
Усяго завод «Нёман» меў 7-8 пакупнікоў шклаваты. У 2018 годзе плянаваліся пастаўкі ў Расею па больш высокіх цэнах, прыкладна на 12%, таму і цэны для Ўкраіны ўзьнялі.
Ён адзначыў, што прадавалі ўсім, хто плаціў перадаплату. Сьцьвярджае, што ўказаньняў супрацоўнікам пастаўляць камусьці тавар «з прывілеямі», прыярытэтна ён не даваў.
Авутку здалося, што падчас сустрэчы ў Кіеве адзін з партнэраў чамусьці патаемна ўключыў дыктафон.
Падчас апошняй размовы на запраўцы ён выходзіў па піва. У гэты час пакінуў партнэрам свае працоўныя паперы (схему цяпліц), зь якімі тыя хацелі азнаёміцца. Калі вярнуўся, паперы былі складзеныя ў тэчку.
На наступны дзень да яго ў нумар прыйшлі зь ператрусам. У той тэчцы знайшлі 2400 даляраў. Авутка сьцьвярджае, што пра іх ня ведаў.
Шышко адмовіўся даваць паказаньні ў судзе.
Як паведамлялася раней, былы дырэктар атрымаў 2,4 тысячы, а начальнік упраўленьня — 1,2 тысячы даляраў хабару ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры.
Незаконнае ўзнагароджаньне належала за арганізацыю своечасовых і прыярытэтных паставак фірме шклаваты згодна з раней заключанай дамовай. Затрыманыя атрымлівалі хабар сыстэмна. Сума ўзнагароджаньня залежала ад аб’ёму прадукцыі, якая рэалізавалася.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.