Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены пасьля зьбіцьця дзяцей дырэктар пінскай школы шукае працу ў Маскве


Фёдар Радзівон падчас судовага паседжаньня. Архіўнае фота
Фёдар Радзівон падчас судовага паседжаньня. Архіўнае фота

Дырэктар пінскай сярэдняй школы № 18 Фёдар Радзівон, якога суд прызнаў вінаватым у наўмысным нанясеньні цялесных пашкоджаньняў, звольніўся з пасады.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

11 верасьня мінулага году Фёдар Радзівон сутыкнуў галовамі 5-клясьніка Міхаіла Ц. і 9-клясьніка Дзяніса Ж., якія каталіся на скейце і самакаце па школьным ганку.

У інтэрнэце адны апраўдвалі дырэктара — маўляў, школьнікі яго правакавалі. Іншыя пярэчылі, што гэта не дае права біць дзяцей. У 18-й школе ладзілі акцыі ў падтрымку дырэктара.

Сышоў Фёдар Радзівон з пасады 16 студзеня. На пытаньне, ці было гэта звальненьне, ці ягонае асабістае рашэньне, былы дырэктар адказаў: «Без камэнтароў».

Фёдар Радзівон дадаў, што цяпер ён у Маскве.

«Тут ёсьць шэраг прапаноў узначаліць розныя школы і гэтак далей. Мае веды і вопыт кіраваньня вялікай школай людзям патрэбныя. Тым больш што я скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, матэматык, інфарматык.

Я для Пінску прынёс першы срэбраны мэдаль міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы. Гэта таксама ўсё каціруецца. Таму я спадзяюся, што бяз працы не застануся. Хоць, вядома, хацеў бы прыносіць карысьць Беларусі».

Фёдар Радзівон сказаў, што ніякіх прапановаў працаваць у Беларусі яму не паступіла. Ён сказаў, што абскардзіў вымову, якую яму дало ўпраўленьне па адукацыі Пінскага гарвыканкаму, і камісія па працоўных спрэчках яе адмяніла.

Таксама ён абскардзіў рашэньне Пінскага суду ў Берасьцейскім абласным судзе. Але пакуль апэляцыя не разглядалася.

«Я хачу даказаць сваю невінаватасьць. Было шмат супярэчнасьцяў, якіх суд ня ўбачыў. Гэта ўбачылі нават СМІ, а суд гэтага ня ўбачыў. Ёсьць відавочныя факты, і я хачу даказаць сваю невінаватасьць. Я не лічу, што зрабіў дрэнна. Я разабраўся з хуліганамі і буду паступаць і ў будучым так, як мне дыктуе сумленьне, нікога не прыніжаючы і ня крыўдзячы. Ну, а хамам буду паказваць іх месца».

Фёдар Радзівон паведаміў, што разам зь ім сышла з пасады намесьніка дырэктара Сьвятлана Федаровіч. «Бо далей так працаваць яна не змагла б», — патлумачыў былы дырэктар. Пакуль на пасаду дырэктара сярэдняй школы № 18 нікога не прызначылі.

«Я, канечне, хацеў бы, каб у мяне хаця б спыталіся, каго прызначыць, хто можа пацягнуць гэтую працу, бо я ўсё ж 11 гадоў узначальваў школу і 22 гады адпрацаваў у першай гімназіі. У калектыве ёсьць людзі, якія змогуць з гэтым справіцца».

Начальнік упраўленьня па адукацыі Пінскага гарвыканкаму Яўген Мэндэль камэнтаваць сытуацыю адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG