На цырымоніі ўручэньня дыплёмаў і атэстатаў дактароў навук і прафэсараў 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся ў адной з прысутных наяўнасьцю ў Беларусі спэцыялістаў у галіне оталярынгалёгіі, экспэртаў у хваробах вуха, горла і носа, піша БелТА.
Ён паскардзіўся на «тугавухасьць» некаторых чыноўнікаў, затым зьвярнуўся да дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Людмілы Макарынай-Кібак, якая атрымала доктарскую ступень за распрацоўку тэхналёгіі дапамогі пацыентам з хранічным гнойным атытам.
«Хто ў нас сьвяціла ў гэтай сфэры? У нас ёсьць чалавек, які можа зірнуць у вуха і сказаць, што рабіць? — спытаў Аляксандар Лукашэнка і пачуў у адказаў шэраг прозьвішчаў. — Не хвалюйцеся. Я нармальна чую. Проста мяне цікавіць, ці ёсьць у гэтай сфэры сьвяцілы такія, каб нашыя людзі ня ехалі за мяжу і не зьвярталіся па мэдычную дапамогу ў гэтай частцы».
Людміла Макарына-Кібак адказала, што такія ёсьць і што па такое лячэньне прыяжджаюць і ў Беларусь. Якія прозьвішчы беларускіх «сьвяцілаў» яна назвала Лукашэнку, не паведамляецца.
«Добра, прыеду да цябе, — адказаў Лукашэнка дэпутатцы. — Мае вушы, адно і другое, паглядзіш. Тым больш што я ні разу не абсьледаваўся ў гэтай частцы, а гэта вельмі карысна. А потым усіх начальнікаў абсьледуем, таму што ня ўсё нармальна чуюць, калі ім распараджэньні даеш, даводзіш нейкія задачы. Гэта вельмі важная сфэра для нас, начальнікаў».
Пра актуальны стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі невядома практычна нічога. У ліпені ён на працяглы час зьнік з публікі і скасаваў заплянаваны візыт у Гомель — зьявіліся чуткі, нібы Лукашэнка перанёс інсульт. 1 жніўня Лукашэнка зьявіўся ў навінах, пасьмяяўся са свайго «пахаваньня» і папрасіў карэспандэнта дзяржаўнага тэлеканалу: «Пачакай, яшчэ кажуць, што двайнік працуе, ты мяне часам мацай так».