Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны канцэрн адказаў на падазрэньні Ўкраіны ў забруджваньні Дняпра


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота

Дзяржаўны канцэрн «Белляспаперпрам» выступіў з заявай, дзе гаворыцца, што інфармацыя аб забруджваньні ракі Бярэзіны каля Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату «не адпавядае рэчаіснасьці».

​«На відэа зьняты кароткачасовы працэс зьліву ліўневых (дажджавых, талых) вод, якія не нясуць якой-небудзь экалягічнай пагрозы для навакольнага асяродзьдзя,» — гаворыцца ў заяве.

Раней Украіна зьвярнулася да беларускіх уладаў з просьбай даць актуальную інфармацыю пра магчымае забруджваньне ракі Бярэзіны, якая зьяўляецца правым прытокам Дняпра, паведаміла прэс-служба ўкраінскага Міністэрства экалёгіі і прыродных рэсурсаў.

Паводле прэс-службы, падставай для звароту стала распаўсюджаная ў СМІ інфармацыя пра забруджваньне небясьпечнымі рэчывамі ракі Бярэзіны, якая працякае на тэрыторыі Беларусі і зьяўляецца правым прытокам ракі Дняпра (1/5 вады ў Дняпро паступае менавіта зь Бярэзіны).

У міністэрстве сказалі, што 21 студзеня ўкраінскія спэцыялісты зрабілі пробы вады Дняпра на мяжы зь Беларусьсю. Згодна з вынікамі аналізаў, значэньні асноўных гідрахімічных паказьнікаў адпавядаюць нарматывам для водных аб’ектаў рыбагаспадарчага прызначэньня, аднак колькасьць жалеза перавышае норму ў 3,2 раза, а марганцу — у 6,2 раза. Іншыя паказьнікі якасьці вады ў Дняпры адпавядаюць аналягічнаму пэрыяду летась.

Пытаньне будзе абмяркоўвацца на кансультацыі ўпаўнаважанага ад ураду Ўкраіны з адказным ведамствам Беларусі. Цяпер украінскім водагаспадарчым арганізацыям, разьмешчаным у зоне патэнцыйнага ўзьдзеяньня забруджваньня, даручана ажыцьцяўляць пастаянны кантроль сытуацыі.

19 студзеня жыхары Сьветлагорску заўважылі, як з трубы цэлюлёзна-кардоннага камбінату ў раку Бярэзіну цячэ незразумелая вадкасьць і пена. З гэтай нагоды мясцовая жыхарка Алена Масьлюкова зьвярнулася ў раённае ўпраўленьне МНС, а таксама ў міліцыю.

Улады Сьветлагорскага раёну і адміністрацыя заводу беленай цэлюлёзы запэўніваюць, што пасьля выпадку з адкідамі трымаюць сытуацыю пад кантролем. Тым часам на прадпрыемства прыбыў віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ігар Ляшэнка.

Супрацоўнік Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, які прасіў не называць яго імя, паведаміў Свабодзе, што 19 студзеня на ачышчальныя збудаваньні прадпрыемства прыйшлі адкіды зь вялікім перавышэньнем канцэнтрацыі хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для варкі цэлюлёзы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG