Свабода працягвае знаёміць чытачоў з праграмамі беларускіх палітычных партыяў. Сёньня прапануем тэзісы праграмы Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Больш як паўсотні старонак праграмы ў некалькіх дзясятках пунктаў.
Галоўнай мэтай дзяржавы беларускія лібэралы лічаць падтрымку ініцыятывы і забесьпячэньне роўных магчымасьцяў для ўсіх грамадзянаў, а таксама абарону іх правоў, маёмасьці і асабістай годнасьці.
Дамагацца гэтага АГП зьбіраецца наступным чынам.
Дзяржава
- дзяржаўнымі будуць гістарычныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня»
- пераход да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі
- паступовы пераход узброеных сіл на кантрактную сыстэму
- скарачэньне колькасьці дзяржаўных службоўцаў
- увядзеньне конкурснай асновы для замяшчэньня пасадаў у дзяржаўным апараце
Выбары
- у склад камісій павінны ўваходзіць прадстаўнікі ўсіх вылучаных кандыдатаў
- будзе адмененае датэрміновае галасаваньне або адбудзецца яго жорсткая рэглямэнтацыя
- пры падліку галасоў усе чальцы камісіі, а таксама назіральнікі і журналісты павінны бачыць кожны бюлетэнь і дакладна разумець, за каго аддадзены гэты голас
Мова і культура
- АГП абяцае дамагацца рэальнага статусу беларускай мовы як дзяржаўнай, а ў пэрспэктыве — адзінай дзяржаўнай
- Паступовы перавод сфэраў адукацыі, дзяржаўнага кіраваньня і справаводзтва на беларускую мову
- населеным пунктам будуць вернутыя гістарычныя беларускія назвы
- з тапанімікі будуць выключаныя імёны выпадковых і нявартых людзей
Уласнасьць
Увядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю
Сям’я і гендэрная роўнасьць
- падтрымка шматдзетных, апякунскіх сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў
- прыняцьце законаў «Аб роўных правах і роўных магчымасьцях жанчын і мужчын» і «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»
- правядзеньне гендэрнай экспэртызы пры прыняцьці ўсіх нарматыўных актаў, распрацоўцы і рэалізацыі ўсіх дзяржаўных праграм, рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў
- спрыяньне роўнаму прадстаўніцтву жанчын і мужчын ва ўсіх кіруючых органах партыі.
Суды і праваахоўныя органы
- адмена сьмяротнага пакараньня
- судзьдзяў пераатэстуюць
- органы міліцыі рэарганізуюць і скароцяць
- будзе ўведзеная пасада ўпаўнаважанага ў пытаньнях правоў чалавека, які выбіраецца парлямэнтам
- будзе праведзеная амністыя ў мэтах скарачэньня «турэмнага насельніцтва»
- умовы знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць зь міжнароднымі і эўрапейскімі стандартамі
- штрафы будуць зьменшаныя, адміністрацыйны арышт стане выключнай мерай спагнаньня і скарочаны да трох сутак
Барацьба з карупцыяй
- будзе створаны адзіны кантрольны орган для барацьбы з карупцыяй
- службовыя асобы ўсіх узроўняў улады і чальцы іх сем’яў будуць абавязаныя дэкляраваць крыніцы даходаў
- будзе разьвівацца рынак ахоўных паслуг, строга рэглямэнтаваны дзяржавай
Мясцовае самакіраваньне
- органы мясцовага самакіраваньня могуць выконваць усе грамадзкія задачы: адукацыя, грамадзкая ахова здароўя, камунальная гаспадарка, будаўніцтва, падтрыманьне інфраструктуры, дарогі, электрычнасьць, паліцыя, турмы і г. д.
- мясцовыя бюджэты будуць утварацца за кошт абавязковай долі ў агульнадзяржаўных падатках i зборах, а таксама за кошт мясцовых збораў і падаткаў, стаўкі якіх могуць усталёўваць самі мясцовыя ўлады
СМІ
- змаганьне з інфармацыйнай манаполіяй суседняй дзяржавы
- АГП абяцае акцыянаваць дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне з наступным стварэньнем грамадзкага вяшчаньня і продажам акцый на адкрытым рынку
- будзе праведзеная дэманапалізацыя і прыватызацыя друкарняў, тэле- і радыёперадатчыкаў, сыстэмы распаўсюду газэт і часопісаў
Сацыяльная палітыка і пэнсіі
- пераход на індывідуальны характар аказаньня фінансавай дапамогі
- пераход на сыстэму індывідуальных пэнсійных рахункаў
- стварэньне эфэктыўнай страхавой мэдыцыны
- пераход да назапашвальнага прынцыпу фармаваньня пэнсіяў, пры якім рабочыя робяць адлічэньні ў назапашвальныя фонды
- грамадзянам мусіць быць гарантаванае права атрыманьня ў спадчыну пэнсійных зьберажэньняў
Адукацыя
- распрацоўка заканадаўства ў справе ўвядзеньня адукацыйных ваўчараў, якія дазваляюць бацькам выбіраць навучальныя ўстановы для дзяцей без прывязкі да месца жыхарства
- адмена прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў
- перадача ВНУ усіх актываў і зямлі, на якой разьмешчаныя дадзеныя навучальныя ўстановы, права на самакіраваньне і выбару праграм навучаньня
- зьніжэньне вучэбнай нагрузкі для настаўнікаў школ да 650 гадзін на год
- рэалізацыя ў школах прынцыпу «больш думаць, менш зубрыць»
- зьняцьце бюракратычных бар’ераў на шляху стварэньня і функцыянаваньня прыватных школ
- ніякая канфэсія ня дапускаецца ў сфэру сьвецкай адукацыі
Ахова здароўя
- разьвіцьцё сыстэмы прыватных паліклінік і бальніц
- пераход службы аховы здароўя на страхавы характар з захаваньнем бясплатных мэдычных паслуг
- стварэньне сыстэмы 100-працэнтнай кампэнсацыі паслуг сыстэмы аховы здароўя для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне
Экалёгія
- усе забруджаныя радыяактыўнымі рэчывамі землі, на якіх немагчыма атрымліваць чыстую прадукцыю, вывесьці з сельскагаспадарчага карыстаньня
- будзе адноўленая праца неабходнай колькасьці санаторыяў і прафілякторыяў у мэтах эфэктыўнай рэабілітацыі здароўя насельніцтва, якое жыве на забруджаных тэрыторыях
- вырошчваньне сельскагаспадарчых культур ля прыдарожных палос будзе спыненае
Эканоміка
- стаўка адзінага падатку для ІП будзе зьменшаная ў тры разы, яны атрымаюць права свабоднага найму работнікаў, а стаўкі арэнды ў аб’ектах, якія належаць дзяржаве, будуць зьменшаныя ў тры разы
- падатковая нагрузка на малы бізнэс зьменшыцца, як мінімум, на 40%
- павышэньне дапамогі па беспрацоўі з $24 (на чэрвень 2018 г.) да $120
- увядзеньне адзінай стаўкі падатку на даданую вартасьць у памеры 15%
- наданьне інтэрнэт-правайдэрам права без пасярэдніцтва РУП «Белтэлекам» купляць міжнародны трафік на зьнешніх рынках
- прыватызацыя беларускіх банкаў
- ліквідацыя асаблівага статусу «Белдзяржстраху», пашырэньне паслуг добраахвотнага страхаваньня
- поўная адмова ад ГОСТаў і хутчэйшы пераход на стандарты ISO на тавары і паслугі
- увядзеньне ў аднабаковым парадку бязьвізавага рэжыму перамяшчэньня грамадзян краін ЭЗ (ня толькі праз аэрапорты)
Аграрная рэформа
- права прыватнай уласнасьці на зямлю ў поўным аб’ёме
- стварэньне рынку зямлі, наданьне права вываду зямлі зь сельскагаспадарчага абароту
- прыняцьце закону аб іпатэцы, які прадугледжвае заклад зямлі пад крэдыты
Зьнешняя палітыка
- Беларусь павінна ставіць сваёй стратэгічнай мэтай адпавядаць крытэрам для ўступленьня ў Эўразьвяз
- будуць падпісаныя дамовы аб фармаваньні зоны свабоднага гандлю з Польшчай, краінамі Балтыі, Украінай удзел
- у праектах з Кітаем забясьпечыць беларускім вытворцам доступ ня толькі да кітайскага рынку, але і да іншых рынкаў Азіяцка Ціхаакіянскага рэгіёну
- адносіны з Расеяй патрабуюць новага базісу. Яны мусяць фармавацца на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнай эканамічнай выгады.