7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт
7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Ад 1 сьнежня 2018 году ў Беларусі дзейнічае дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. У базу «не занятых у эканоміцы» ўнесьлі да 500 тысяч беларусаў. Многім зь іх ужо зь лютага будзе налічвацца значна болей за камунальныя паслугі.

Тлумачым, як працуе гэты дакумэнт, як спраўдзіць, ці «дармаед» вы, і як давесьці адваротнае.

Хто такія «дармаеды»?

«Дармаед» — працаздольны «не заняты ў эканоміцы» жыхар Беларусі ад 18 гадоў да пэнсійнага ўзросту.

Паводле пастановы Савету Міністраў, да «занятых у эканоміцы» адносяцца:

  • афіцыйна працаўладкаваныя;
  • індывідуальныя прадпрымальнікі і фізычныя асобы, якія сплачваюць адзіны падатак;
  • рамесьнікі, якія сплачваюць збор за рамесьніцкую дзейнасьць;
  • грамадзяне, якія здаюць у наём памяшканьні ці машынамесцы і сплачваюць падаходны падатак ад такога даходу.

Як будуць караць «дармаедаў»?

У студзені 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», які абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ у поўным аб’ёме, пачынаючы з 2019 году. Паводле папярэдніх разьлікаў, за ваду і ацяпленьне давядзецца плаціць у 5 разоў больш.

10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

Як праверыцца на «дармаедзтва»?

Спосаб 1. Праз базу дадзеных на Адзіным партале электронных паслуг

Каб увайсьці ў асабісты кабінэт на адзіным партале, патрэбен электронны лічбавы подпіс або ўнікальны ідэнтыфікатар (логін, пароль).

Як атрымаць логін?

Зьвярнуцца ў службу «Адно вакно», якая ёсьць пры адміністрацыі ў кожным населеным пункце, або ў Нацыянальны цэнтар электронных паслуг у Менску.

Гэтыя ўстановы бясплатна выдадуць грамадзяніну ўнікальны ідэнтыфікатар, трэба толькі прад’явіць пашпарт.


Спосаб 2. Зьвярнуцца ў камісію

За кожным выканкамам замацавана камісія па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва.

Туды можна прыйсьці з пашпартам, або патэлефанаваць і назваць пашпартныя дадзеныя.

Спосаб 3. Прайсьці тэст

Свабода зрабіла тэст з улікам усіх «дармаедзкіх» дакумэнтаў. Калі адказаць на пытаньні шчыра, можна даведацца, ці лічыць вас дзяржава занятым у эканоміцы. Але гэта не на 100 працэнтаў дакладна.

Як даказаць, што я ўдзельнічаю ў эканоміцы?

Паводле міністаркі працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касьцевіч, у базу «не занятых у эканоміцы» занесьлі каля 500 тысяч чалавек. Калі вы сярод іх, але лічыце, што вы ў эканоміцы ўдзельнічаеце, трэба зьвярнуцца паводле месца рэгістрацыі ў камісію па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва:

  • Прынесьці або даслаць у камісію па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва, якая створана мясцовай адміністрацыяй, дакумэнты, якія пацьвярджаюць вашу занятасьць у эканоміцы. СЬПІС ДАКУМЭНТАЎ
  • Напісаць на імя старшыні камісіі заяву з такой фармулёўкай: «Прашу вызваліць мяне (члена маёй сям’і) ад аплаты паслуг з пакрыцьцём затрат па прычыне...».
  • Узор заявы тут

  • Чакаць, пакуль камісія прыме рашэньне. Калі яно вас не задаволіць, рашэньне можна абскардзіць у вышэйшым органе.

Як завязаць з «дармаедзтвам»?

Калі вы ня маеце як пацьвердзіць сваю занятасьць у эканоміцы, можна перастаць быць «дармаедам» ужо цяпер. Вось некалькі варыянтаў:

  • афіцыйна ўладкавацца на працу;
  • стаць індывідуальным прадпрымальнікам;
  • здаць у арэнду жытло ці машынамесца і плаціць за гэта падатак;
  • зарэгістравацца рамесьнікам;
  • заплаціць адзіны падатак.

Апошнія два спосабы — найбольш танныя зь пералічаных, калі вы ня хочаце афіцыйна ўладкоўвацца на працу. Як удзельнічаць у беларускай эканоміцы за 30 і менш рублёў, мы пісалі тут.

Як вярнуць пераплату за камунальныя паслугі?

«Дармаедам», якія дакажуць, што яны «занятыя ў эканоміцы», зробяць пераразьлік аплаты за камунальныя паслугі. Як гэта будзе адбывацца, улады пакуль ня вызначылі.

Чаму папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт адмянілі?

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 — абавязваў жыхароў Беларусі, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор памерам 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у лютым-сакавіку 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».