У Менску паралельна ідуць тры працэсы над былымі мэдыцынскімі кіраўнікамі. Свабода расказвае, што стала вядома пра «справу мэдыкаў» за першы тыдзень судоў.
- Судзяць 4 фігурантаў са 100
- Былы намесьнік міністра прыходзіць на працэс у швэдры зь дзяржаўным гербам
- Атрыманыя ў якасьці хабару грошы мэдычныя чыноўнікі трацілі на адпачынак у Парыжы, асабістае платнае лячэньне і вучобу дзяцей
- Злачынная дзейнасьць па атрыманьні хабару працягвалася гадамі, у справах дзясяткі эпізодаў
Пра масавыя затрыманьні мэдыцынскіх чыноўнікаў, галоўных урачоў і кіраўнікоў прыватных кампаній, якія займаюцца пастаўкамі ў Беларусь мэдычнага абсталяваньня, стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. Спачатку ўсе яны проста зьнікалі са сваіх працоўных месцаў, ніякай афіцыйнай інфармацыі пра арышты і прад’яўленыя абвінавачаньні не паступала. Упершыню падрабязнасьці справы, якую ў СМІ пачалі называць «справай мэдыкаў», старшыня КДБ Валеры Вакульчык агучыў толькі 11 ліпеня. Зь яго словаў вынікала, што сярод затрыманых ёсьць намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, а агульная колькасьць арыштаваных — 37 чалавек.
Празь некалькі тыдняў стала вядома, што ў «справе мэдыкаў» каля 95 асобных крымінальных спраў, па якіх у якасьці абвінавачаных праходзіць больш за 100 асобаў. Судовыя працэсы над асноўнымі фігурантамі пачаліся ў студзені.
За кратамі зь дзяржаўным гербам
Першым з мэдычных чыноўнікаў, якія фігуруюць у «справе мэдыкаў», пачалі судзіць былога кіраўніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака. 10 студзеня яго справу пачаў разглядаць суд Цэнтральнага раёну Менску. Пракурор зачытваў прад’яўленае Стрыжаку абвінавачваньне больш за гадзіну.
Празь дзень пасьля працэсу Стрыжака на другім канцы Менску пачаўся разгляд справы самага высокапастаўленага фігуранта — былога намесьніка міністра Ігара Ласіцкага. Яго судзяць разам з таксама былым галоўным урачом 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімерам Краўчонкам.
«Я лічу сябе шчырым чалавекам, — казаў Уладзімер Краўчонак журналістам на папярэднім судовым паседжаньні. — Спадзяюся на справядлівы суд».
Былы намесьнік міністра Ігар Ласіцкі, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, за працэсам назірае з-за кратаў. На першыя паседжаньні ён прыйшоў у спартовым швэдры зь дзяржаўным гербам на грудзях і надпісам BELARUS на сьпіне. Як і Краўчонак, ён цалкам прызнаў сваю віну і кампэнсаваў нанесеную шкоду.
15 студзеня ў судзе Заводзкага раёну Менску пачаўся трэці працэс са «справы мэдыкаў», абвінавачаным у якім выступае Сяргей Карыцька — былы галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру мэдычнай рэабілітацыі і бальнэалячэньня. Як і Краўчонак, Карыцька на працэс прыходзіць сам, ён пад хатнім арыштам.
«Хацеў зрабіць 12-ю стаматалягічную паліклініку найлепшай у краіне»
Усе абвінавачаныя па «справе мэдыкаў», чые працэсы цяпер ідуць у менскіх судах, напісалі яўкі з павіннай на імя старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Адбылося гэта ў розныя дні чэрвеня, амаль адразу пасьля затрыманьня. Тэкст прызнаньняў у кожным выпадку займае не адну старонку. Ва Ўладзімера Краўчонка, напрыклад, каля дзясятка эпізодаў атрыманьня хабару. Сумы вагаюцца ад 300 беларускіх рублёў да 15 тысяч эўра.
«Я папраўдзе разумеў, што грашовыя сродкі перадаюцца мне выключна ў сувязі з займанай пасадай, — прызнаўся Ўладзімер Краўчонак, даючы паказаньні ў залі суду. — На жаль, я ня змог утрымацца... Грошы сыходзілі на бытавыя патрэбы, на жыцьцё. Хочаце верце, хочаце не, але маёй асноўнай мэтай было набыць для клінікі добрае абсталяваньне. Але вось спакуса вялікая».
Свой выступ у судзе Краўчонак пачаў зь пераліку дасягненьняў за пэрыяд пасьпяховай кар’еры. Сказаў, што хацеў зрабіць 12-ю стаматалягічную паліклініку найлепшай у краіне. «Мы пастаянна выконвалі плян па платных паслугах, — сказаў Уладзімер Краўчонак судзьдзі. — Паліклініка зьяўлялася лідэрам у экспарце паслуг. У 2017 годзе мы прынесьлі дзяржаве 1,3 мільёна даляраў прыбытку. Мае супрацоўнікі мелі мэдычную страхоўку памерам 5 тысяч даляраў».
У Ігара Ласіцкага ў крымінальнай справе ўсяго тры эпізоды атрыманьня хабару, прычым адзін зь іх — ад Уладзімера Краўчонка. Той спрабаваў з дапамогай намесьніка міністра паспрыяць бізнэсу дачкі, фірма якой займаецца пастаўкамі ў Беларусь зубных імплянтаў. Дзеля гэтага Краўчонак прынёс Ласіцкаму пляшку дарагога алькаголю і канвэрт з 2 тысячамі даляраў. Былы намесьнік міністра сьцьвярджае, што грошы ў атрыманым ад Краўчонка пакеце з алькаголем заўважыў толькі дома і моцна раззлаваўся на старога знаёмага. «Я б і так яму дапамог, — заявіў судзьдзі Ігар Ласіцкі. — Сто пудоў бы дапамог. Столькі гарэлкі разам выпілі ў студэнцтве».
У іншых эпізодах, у якіх абвінавачваецца былы намесьнік міністра аховы здароўя, фігуруюць большыя сумы — 10 і 15 тысяч даляраў і эўра адпаведна.
«Асноўным матывам атрыманьня хабару была неабходнасьць дарагога лячэньня, — сказаў суду Ігар Ласіцкі з-за кратаў. — У мяне ўзьніклі сур’ёзныя праблемы з суставамі таза. Агульны кошт лячэньня склаў 14 тысяч даляраў. Былі вельмі моцныя болі, фактычна ня мог хадзіць. Я прасіў міністра вызваліць мяне з займанай пасады, аднак атрымаў адмову. Трэба было здаваць тэрміновыя аб’екты. У Берасьці я жыў у кватэры цесьця, пасьля пераводу ў Менск першы час займаў пакой у службовай кватэры берасьцейскага дэпутата, потым жыў у інтэрнаце. Кожны тыдзень езьдзіў да сям’і ў Берасьце. Пабудаваць кватэру ў Менску атрымалася толькі нядаўна ў каапэратыве Сьледчага камітэту».
Яўку з павіннай былы намесьнік міністра аховы здароўя напісаў на першым допыце. Сумы хабару, названыя ў ёй, адрозьніваліся ад тых, пра якія пазьней сьледчыя даведаліся ад сьведак. Ігар Ласіцкі тлумачыць разыходжаньні праблемамі з памяцьцю, якія ўзьніклі ад прыёму моцнадзейных лекавых прэпаратаў.
«Сяброўства з такім чалавекам дорага каштуе»
Сьведкамі на працэсах у «справе мэдыкаў» праходзяць дырэктары і супрацоўнікі прыватных кампаній, галоўныя ўрачы гарадзкіх і раённых паліклінік. Па кожным з эпізодаў каля дзесяці чалавек. Дапытваюць нават бухгальтараў кампаній, чыё кіраўніцтва давала хабар абвінавачаным.
Адзін са сьведак — дырэктар кампаніі «Геол-М» Уладзімер Ладуцька — праходзіць ва ўсіх трох справах. Яго фірма каля 15 гадоў займаецца пастаўкамі ў Беларусь складанага мэдычнага абсталяваньня. На працэсе ў справе Андрэя Стрыжака Ладуцька расказаў, што, працуючы дырэктарам «Геол-М», зарабляў за год каля 80–100 тысяч даляраў. Хабар мэдыцынскім чыноўнікам плаціў з уласнай кішэні, праз бухгальтэрыю фірмы гэтыя грошы ніяк не праходзілі. Грошы перадаваў мэдыкам на паркоўках ля гандлёвых цэнтраў альбо побач зь месцамі іх працы.
Адной з асноўных прычын перадачы грошай адказным асобам Уладзімер Ладуцька назваў спрыяньне ў своечасовай аплаце за пастаўленае ўжо абсталяваньне. А таксама атрыманьне інфармацыі пра будучыя закупкі. На допыце ў залі суду ён сказаў, што з кіраўніком упраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму пазнаёміўся на спэцыялізаванай выставе ў футбольным манэжы. Неўзабаве пасьля гэтага пачалося «супрацоўніцтва».
«Стрыжак інфармаваў мяне пра будучыя пляны закупак мэдыцынскага абсталяваньня для вобласьці, — сказаў Уладзімер Ладуцька. — На 2015 год, напрыклад. Прывёз нам у офіс сьпіс абсталяваньня, якое плянавалася закупляць, патрабаваньні да яго. Гэта дапамагала нам плянаваць сваю дзейнасьць. Даваньне такой інфармацыі, хутчэй за ўсё, ініцыяваў я. Я быў зацікаўлены ў гэтым. Сам Стрыжак не прасіў перадаваць яму грошы. Але я разумеў, што мець у сябрах такога чалавека, чыноўніка такога рангу, дорага каштуе. Я сам вырашыў аддзячыць яму. Каб у будучыні супрацоўніцтва працягвалася».
Такім чынам, фірма Ўладзімера Ладуцькі загадзя ведала, які тэндэр будзе абвешчаны на адмысловым сайце і якія ўмовы выставяць для патэнцыйных удзельнікаў. Перадача хабару, як правіла, адбывалася празь некаторы час пасьля пасьпяховай пастаўкі і пераводу грошай за яе на рахунак кампаніі Ладуцькі.
«Пазваніў яму на мабільны, дамовіліся сустрэцца, — сказаў Уладзімер Ладуцька пра адзін з эпізодаў перадачы хабару Андрэю Стрыжаку. — Я не тлумачыў, навошта. Стрыжак пагадзіўся пабачыцца. Сказаў, што перазвоніць, калі будзе ў Менску. Перазваніў хутка, прызначыў сустрэчу на Сурганава, на стаянцы каля гандлёвага цэнтру „Эўропа“. Празь месяц пасьля завяршэньня праекту гэта адбылося прыкладна. Я прыехаў на сустрэчу на сваім аўтамабілі, пры сабе меў 10 тысяч даляраў. Заклеіў грошы ў звычайны паштовы канвэрт. Выйшлі з машын, прайшліся да гандлёвага цэнтру. Там на прыступках я перадаў канвэрт без тлумачэньняў. Ці разумеў Стрыжак, што там грошы, я ня ведаю. Думаю, што разумеў... Памер хабару я вызначаў самастойна. Улічваў ранг чыноўніка, пасаду. Такія сумы грошай перадаюцца рэдка».
Па словах Ладуцькі, у некаторых выпадках хабар дазваляў больш-менш апэратыўна атрымліваць грошы за пастаўленае дзяржаўным клінікам абсталяваньне. Бізнэсовец расказаў, што парадак аплаты ў нарматыўных актах прапісаны мудрагеліста, звычайна гэта каля 180 дзён. Перадача грошай чыноўніку дазваляла скараціць гэты тэрмін да 20 — пры ўмове, што ў бюджэце былі грошы на аплату. У залі суду Ўладзімер Ладуцька прызнаўся, што атрымаць грошы за пастаўкі мэдтэхнікі ў дзяржаўныя ўстановы заўсёды было складана. На гэты момант, паводле яго, дзяржава вінаватая фірме «Геол-М» каля 4,5 мільёна рублёў.
«Вельмі граматны доктар, сучасны кіраўнік, — характарызавала Андрэя Стрыжака былы галоўны ўрач Слонімскай райбальніцы Маісеенка, выкліканая на працэс у якасьці сьведкі. — Лёгка кіраваў сыстэмай аховы здароўя ў вобласьці. Заўсёды карэктны быў, з павагай ставіўся. Карыстаўся павагай у галоўурачоў райбальніц. Пра тое, што ён браў хабар, мне нічога невядома».
«Так разумею, нас вялі ўжо даўно»
Пакуль застаецца незразумелым, якім чынам супрацоўнікі КДБ раскрылі «справу мэдыкаў». Самы раньні эпізод, агучаны на паседжаньнях па трох працэсах, датычыць 2014 году. Самы позьні — вясны 2018-га. Адным зь першых з сотні затрыманых у «справе мэдыкаў» стаў акурат дырэктар кампаніі «Геол-М» Уладзімер Ладуцька. Гэта адбылося 9 чэрвеня 2018 году ў момант чарговай спробы даць хабар іншай асобе. Паводле агучаных на судовых паседжаньнях фактаў, менавіта з добраахвотных прызнаньняў стала вядома пра злачынную дзейнасьць Андрэя Стрыжака, раней сьледчыя КДБ пра яго інфармацыі ня мелі.
«Як я разумею, нас вялі ўжо даўно, — сказаў Ладуцька ў судзе. — Яны шмат што ведалі».
Агулам на трох працэсах у «справе мэдыкаў» фігуруе ўжо больш за пяць прыватных кампаній, якія займаюцца пастаўкамі мэдыцынскай тэхнікі ў Беларусь або яе абслугоўваньнем. Некаторыя зь фігурантаў, якія давалі хабар абвінавачаным, дагэтуль хаваюцца ад спэцслужбаў за мяжой — у краінах Балтыі і ЗША. На працэсе Ігара Ласіцкага і Ўладзімера Краўчонка стала вядома, што сьледзтва валодае доказамі іхнай злачыннай дзейнасьці, атрыманымі з праслухоўваньня іхніх тэлефонных размоваў. У некаторых выпадках сьледчыя лепш ведалі памер атрыманага чыноўнікамі хабару, чым тыя самі.
Па словах абвінавачаных, атрыманыя ў якасьці хабару грошы яны накіроўвалі на лячэньне (так сьцьвярджае Ігар Ласіцкі), на адпачынак у Францыі з жонкай (Уладзімер Краўчонак) і на вучобу дзяцей у мэдунівэрсытэце (абодва). Акрамя гэтага, Краўчонак сьцьвярджае, што аднойчы атрымаў 300 даляраў хабару, якія патраціў на квіткі ў Барсэлёну, дзе наведваў стаматалягічны форум. На што трацілі хабар Андрэй Стрыжак і Сяргей Карыцька, пакуль невядома.
Усе абвінавачаныя праходзяць па частцы 2 артыкула 430 КК РБ — «Атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры». Такое злачынства прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.