Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць 36-гадовага гарадзенца, які 26 ліпеня зрабіў іньекцыі дзьвюм дзяўчынкам, пяці і сямі гадоў.
Што адбылося?
Мужчына зьвёў дзьвюх дзяўчынак зь дзіцячай пляцоўкі на дах жылога дома і зрабіў ім іньекцыі:
- 7-гадовай дзяўчынцы мужчына зрабіў укол у руку (у вену не пацэліў);
- 5-гадовай — упырснуў у рот вадкасьць з ампулы.
Што кажуць сьледчыя?
Мужчыну прадʼявілі абвінавачваньне ў «злосным хуліганстве», ён знаходзіцца пад вартай. Паводле ч. 3 арт. 339 КК Беларусі абвінавачанаму пагражае:
- 3-5 гадоў абмежаваньня волі;
- 3-10 гадоў турмы.
Экспэртызы вызначылі, што ў ампулах былі рэчывы, якія не пагражалі жыцьцю і здароўю непаўналетніх. Што менавіта, сьледчыя публічна не назвалі.
Сёстры працяглы тэрмін назіраліся ў мэдыкаў для вызначэньня магчымых наступстваў. Экспэртызы паказалі, што іх жыцьцё і здароўе знаходзіцца ў бясьпецы.
Экспэртыза прызнала, што падазраваны можа «разумець фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі», раней ён быў асуджаны паводле крымінальнага артыкулу.