Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежнасьць, годнае жыцьцё, сувэрэнітэт». Пра што Лукашэнка кажа на пачатку кожнага году


Якія словы Лукашэнка прамаўляе на пачатку кожнага году9
Якія словы Лукашэнка прамаўляе на пачатку кожнага году9

Аляксандар Лукашэнка ў пачатку кожнага году ставіць задачы перад урадам і «вэртыкальлю». Свабода параўнала, што ён казаў апошнія пяць гадоў. Выявілася, што амаль адно і тое ж.

2019 год: Годнае жыцьцё і сувэрэнітэт

У новым 2019 годзе падчас вырашэньня кадравых пытаньняў Аляксандар Лукашэнка нагадаў чыноўнікам, якіх прызначыў на пасады, пра асноўныя праблемы будучага году — годнае жыцьцё людзей і сувэрэнітэт.

«Беларусы заслужылі нармальнае жыцьцё. І мы абавязкова павінны, захаваўшы незалежнасьць і сувэрэнітэт, палепшыць жыцьцё нашых людзей. У адваротным выпадку нікому гэты сувэрэнітэт будзе не патрэбен. Гэта найважнейшая задача для ўсіх», — перадае БелТА словы Лукашэнкі.

2018 год: Ідэнтычнасьць, і каб людзі добра жылі

Летась падчас наведваньня Свята-Духава катэдральнага сабору Аляксандар Лукашэнка таксама згадаў годнае жыцьцё людзей і запэўніў, што зробіць усё для таго, каб «на беларускай зямлі людзі жылі добра».

Падчас навагодняга прыёму Лукашэнка сказаў і пра ідэнтычнасьць:

«Мы павінны навучыцца жыць у гэтым сьвеце, дзе трэба прыстасоўвацца, але ні ў якім разе ня страціць сваю ідэнтычнасьць, карані, ад якіх расьце наша беларуская нацыя».

2017 год: Задача — зьберагчы краіну

У студзені 2017 году на сустрэчы з творчай моладзьдзю Лукашэнка абазначыў галоўнае:

«І сёньня наша агульная задача — зьберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасьля нас».

2016 год: Народ не даруе, калі не захаваем сувэрэнітэту

На паседжаньні Савету бясьпекі ў студзені 2016 году Лукашэнка заяўляў пра бясьпечнае жыцьцё людзей і сувэрэнітэт.

«Народ не даруе аднаго — калі мы яму не гарантуем бясьпеку і абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако — нічога ня трэба будзе, калі ня будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі», — сказаў Лукашэнка.

2015 год: Калі да нас прыйдуць зь мячом, мы адкажам тым жа

У канцы 2015 году Лукашэнка правёў «адкрыты дыялёг» з журналістамі. Ён казаў, у тым ліку, пра незалежнасьць краіны.

«Калі я не гарантую бясьпеку дзяржавы, народ мне не даруе. Гэта мой кроўны абавязак. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас зь мячом, мы адкажам тым жа», — падкрэсьліваў тады Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG