Эўразьвяз «недвухсэнсоўна выступае супраць ужываньня сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.
Што адбылося?
Магілёўскі абласны суд 9 студзеня вынес сьмяротны прысуд за забойства дзьвюх дзяўчат бабруйчаніну Аляксандру Астаповічу.
Што сказаў Эўразьвяз?
- Выказана спачуваньні сям’і і сябрам ахвяраў забойства.
- «Сьмяротнае пакараньне не зьяўляецца фактарам, які стрымлівае злачынства, а памылкі, непазьбежныя ў любой прававой сыстэме, становяцца незваротнымі».
- Эўразьвяз чакае, што сьмяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі, будуць замененыя на мякчэйшыя, а таксама будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне як першы крок да яго адмены.
Сьцісла пра асуджанага
- Аляксандар Асіповіч 1982 году нараджэньня. Разьведзены. Дзяцей ня мае.
- Чатыры разы быў асуджаны. У месцах пазбаўленьня волі прабыў 11 з паловай гадоў. Судзілі яго за хуліганства, прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, рабунак.
- Да ўчыненьня апошняга злачынства працаваў у прыватнай фірме па зьбіраньні вакон.
Сваю віну ў забойстве дзьвюх жанчын Асіповіч прызнаў. Суду казаў, што, пабачыўшы ўчыненае, хацеў павесіцца. Заяўляў, што «70 адсоткаў» таго, што адбылося зь ім раніцай 20 ліпеня, ня памятае. Пасьля забойства прыбраў кватэру. Акрываўленыя рэчы сваіх ахвяр выкінуў у бак для сьмецьця. Сьледзтва зрабіла выснову, што абвінавачаны разьдзеў забітых жанчын, каб целы расчляніць і такім чынам пазбавіцца ад іх. Асіповіч з гэтым не пагадзіўся.
У апошнім слове Аляксандар Асіповіч прасіў суд не пазбаўляць яго жыцьця, а даць магчымасьць працаваць і выплачваць нанесеную ім шкоду. Ва ўчыненым ён раскайваецца. Сваё апошняе слова падсудны прамаўляў плачучы.
Падвойнае забойства з асаблівай жорсткасьцю
У ноч на 20 ліпеня дзьве бабруйчанкі бавілі час у адной з забаўляльных установаў гораду, дзе пазнаёміліся з 36-гадовым Аляксандрам Асіповічам. Пасьля яны разам паехалі на таксі да яго на кватэру. А 7-й раніцы адна з жанчын патэлефанавала ў міліцыю, крычала, прасіла дапамогі. Сказала, што яны зь сяброўкай зачыніліся ў ванным пакоі, а мужчына ім пагражае. Назваць дакладны адрас не змагла. Пазьней жанчын знайшлі забітымі.
Як устанавіла сьледзтва, гаспадар кватэры нанёс жанчынам шматлікія ўдары рукамі, нажом і малатком. Паводле экспэртаў, злачынец усьведамляў характар сваіх дзеяньняў. Яму выставілі абвінавачаньне ў забойстве дзьвюх і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасьцю (п. 1, частка 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу). Артыкул прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.